У Маларыце 12-гадовы хлопчык загінуў ад абвальвання пяску



У Маларыце 12-гадовы хлопчык загінуў ад абвальвання пяску. Інфармацыя пра трагедыю паступіла ў міліцыю 2 жніўня прыкладна ў 20.40, паведаміў Следчы камітэт.

Устаноўлена, што хлопчык разам з двума сябрамі ў гэты дзень катаўся на ровары. Праязджаючы па горадзе, яны заўважылі зямельны ўчастак каля будоўлі дома, на якім знаходзілася гара пяску. Участак абгароджаны не быў. Дзеці вырашылі пагуляць з пяском, і адзін з іх у сярэдзіне кучы стаў капаць яму. У гэты час зверху на яго абрынуўся пясок.

Як патлумачылі дзеці, яны спрабавалі выцягнуць сябра з пяску, аднак ім гэта зрабіць не ўдалося, і, разгубіўшыся, яны ўцяклі. Па дарозе яны сустрэлі маці загінулага, якая адправілася на пошукі сына з-за яго доўгай адсутнасці, і распавялі ёй пра здарэнне. Яна ж і знайшла цела дзіцяці на месцы здарэння.

Маларыцкі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза.

belapan.by