У Марачоўшчыне адзначылі дзень народзінаў Касцюшкі



У Косаве Івацэвіцкага раёна адбылося традыцыйнае ўшанаванне Тадэвуша Касцюшкі з нагоды 272 угодкаў з дня народзінаў нацыянальнага героя.

Святкаванне пачалося з  імшы ў Троіцкім касцёле Косава.  У гэтым касцёле ёсць мемарыяльная шыльда з інфармацыяй  пра тое, што тут у 1746 годзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка.

Імпрэза працягнулася ў музеі-сядзібе Касцюшкі ў Марачоўшчыне. У свяце прынялі ўдзел дыпламаты ЗША, Польшчы, Швейцарыі, Украіны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Беларусі і Польшчы. Украіна заўсёды памятае Касцюшку, кажа консул Украінскага консульства ў Берасці Віталь Пантус:

– Штогод прыязджаем на гэтыю імпрэзу, каб аддаць даніну павагі выбітнаму і беларусу, і чалавеку, які зрабіў шмат для іншых дзяржаў свету. Украіна таксама памятае Тадэвуша Касцюшку.

Аляксандр Сахарук, Берасце:

– Спадабалася тое, што ў гэтай сядзібе вольны дух. Тадэвуш Касцюшка змагаўся за беларусаў. Быў вольным чалавекам і хацеў, каб Беларусь была вольнай і незалежнай дзяржавай.

У святкаванні прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Актывісты з Берасця і Кобрыня на чале з Алесем Мехам ушанавалі Касцюшку аўтапрабегам. Ён пачаўся з Сяхновічаў (Жабінкаўскі раён), дзе ёсць яшчэ адзін музей Тадэвуша Касцюшкі. Заехалі  ў Крупчыцы – месцы знакамітай бітвы ўдзельнікаў паўстання з расейскімі войскамі. Затым прыбылі ў Марачоўшчыну.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.