У машыне жыхара Шаркоўшчыны ДАІ знайшла 52 карпы і бабра
Супрацоўнікі аддзялення ДАІ Шаркоўшчынскага РАУС 24 лістапада каля 9.00 у вёсцы Асінагарадок спынілі аўтамабіль „Сеат-Таледа”, якім кіраваў мясцовы жыхар 1983 года нараджэння.
У салоне транспартнага сродку пры аглядзе знойдзены 52 карпы масай каля 30 кілаграмаў, паведамляе ўпраўленне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама на сваёй старонцы ў сацсетцы „УКантакце”.
Акрамя таго, у багажным аддзяленні аўтамабіля мужчына перавозіў тушку бабра.
Пры гэтым паляўнічым затрыманы не з`яўляецца. Паводле яго слоў, бабра ён дастаў з пасткі каля вадаёма рыбгаса, а рыбу вылавіў сачком з каналаў сажалкі.
Усё здабытае мужчына планаваў выкарыстаць для асабістых патрэб.
На месца здарэння выкліканая Браслаўская міжраённая інспекцыя прыродаахоўнага і расліннага свету.
Праводзіцца праверка легальнасці набыцця грузу.
Фота: ДАІ Віцебскай вобласці