У Маскве ўведзена свабоднае наведванне школ з-за каронавіруса
Мэр Масквы Сяргей Сабянін падпісаў указ аб дадатковых мерах па барацьбе з каронавірусам, які ўводзіць з панядзелка свабоднае наведванне школ.
„Вырашаць, ці працягвае дзіця хадзіць у школу ці застаецца дома, будуць бацькі. Ім у дадзеным выпадку лепш відаць. У кожнай сям’і могуць быць свае абставіны, ды і імунітэт у дзетак розны”, – напісаў Сабянін ў сваім блогу. Ён дадаў, што заняткі ў школах будуць працягвацца.
Указ, падпісаны мэрам, таксама абавязвае заставацца дома членаў сем’яў масквічоў, якім даводзіцца знаходзіцца ў ізаляцыі з-за падазрэння на каронавірус.
Акрамя таго, дакумент абавязвае арганізацыі не дапускаць на працоўнае месца работнікаў, якія прыбылі „з краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй”, а таксама тых, каму ўрачы рэкамендавалі самаізалявацца.