У Маскве затрымалі дачку беларускага бізнесмена Авяр’янава



У Маскве затрыманая Вікторыя Авяр’янава – гендырэктар ЗАТ „Інтэк”, які валодае папулярнымі клубамі ў Менску, паведамляе расейскі „КоммерсантЪ”.

Вікторыя Авярʼянава – дачка вядомага беларускага бізнесмена Юрыя Авярʼянава, які з 2017 года знаходзіцца пад крымінальным пераследам, у студзені 2018-га быў затрыманы ў Берліне і да гэтага часу не экстрадаваны ў Беларусь.

Паводле звестак „Коммерсанта”, Вікторыя Авярʼянава затрыманая для экстрадыцыі ў Беларусь, дзе яе, як і бацьку, абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле версіі следства, злачынства было здзейснена ў перыяд з 2010 па 2015 год. У Расеі, падкрэслівае выданне, ухіленне ад выплаты падаткаў „не зʼяўляецца арыштным злачынствам”.

„Скандальнасці сітуацыі надае той факт, што летам суд ужо адхіляў патрабаванне аб узяцці прадпрымальніка пад варту, – піша „КоммерсантЪ”. – Хадайніцтва пракурора аб арышце Вікторыі Авярʼянавай Цвярскі райсуд Масквы разглядаў тры дні. Калі адвакат Аляксей Пазнякоў паведаміў суддзі, што ў чэрвені Галавінскі райсуд ужо адхіляў адпаведную просьбу нагляднага органа і гэта рашэнне было пакінута ў сіле Масгарсудом, пракуратуры быў дадзены час на збор дадатковых доказаў”.

Выданне таксама адзначае, што па Крымінальна-працэсуальным кодэксе „нельга двойчы абіраць меру стрымання па адных і тых жа падставах”. „Слуханні былі адкладзеныя, і хоць нічога новага, паводле дадзеных абароны, у справе не зʼявілася, дзяжурны суддзя накіраваў жанчыну на два месяцы ў СІЗА”, – паведамляе „КоммерсантЪ”.

У лютым гэтага года галоўнае следчае ўпраўленне СК Беларусі паведаміла аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў, распачатай у дачыненні да Юрыя Авярʼянава і шэрагу службовых асоб камерцыйных структур, якія яму належаць. Крымінальная справа была перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Пры гэтым была распачатая і выдзеленая ў асобную вытворчасць яшчэ адна крымінальная справа „ў дачыненні да Авярʼянава і іншых асоб, у якой задакументаваныя дадатковыя эпізоды злачыннай дзейнасці”.

Авярʼянаў – адзін з першых беларускіх бізнесменаў і даляравых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі зʼяўляюцца кампаніі „Інтэкс”, „Растэм” і „Гандлёвы свет – „Кальцо”. Першая кіруе Madison Royal Club. Другая ўключае рынак будаўнічых матэрыялаў у сталічным мікрараёне Уручча, парк забаў  „Дрымлэнд” і філіял  „Аграфірма „Ілля”. Трэцяя абʼядноўвае аўтамабільны і будаўнічы рынкі ў сталічным мікрараёне Малінаўка.

БелаПАН