У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку



У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў.

Паводле абвінавачвання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года, знаходзячыся па месцы жыхарства і ў адміністрацыйным будынку Мастоўскага РЭС, выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, які належыць яму, размяшчаў у тэлеграм-канале „Масты для жыцця чат” пад псеўданімам „Сяргей” створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай А. Р. Лукашэнкі і тэкстам, якія змяшчаюць яго абразу.

Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты – знаходзіў у сетцы Інтэрнэт выявы, створаныя іншымі асобамі, і „перадрукоўваў” іх. Не лічыць, зробленыя публікацыі, абразай.

У судзе быў дапытаны ў якасці сведкі оперупаўнаважаны Мастоўскага РАУС Павел Сівец. Ён сказаў, што было выяўлена каля 400 паведамленняў, размешчаных Сяргеем Бураком.

Абвінавачаны удакладніў, чаму падчас ператрусу панятыя былі „з бадуна і з фінгалам”, чаму не прывялі суседзяў, калі аб гэтым прасілі. На гэта сведка адказаў: хто згаджаецца – таго і прыводзяць.

У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца запрасіў па двух прад’яўленых артыкулах абвінавачвання прызначыць для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Довады пра ціск на абвінавачанага лічыць галаслоўнымі і нічым не пацверджанымі.

Суд агучыць рашэнне 7 чэрвеня ў 15.30.

Паводле spring96.org