У Мастаўлянах ушанавалі Кастуся Каліноўскага (абноўлена)
У Мастаўлянах адбылося ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага, які нарадзіўся 2 лютага ў гэтай вёсцы.
Беларусы Беластока, Варшавы, Гародні і іншых гарадоў сабраліся каля помніка ў гонар Каліноўскага. Сам факт прысутнасці ў роднай вёсцы нацыянальнага героя цешыць душу і мацуе беларускасць кожнага патрыёта.
Кажа гарадзенец Віктар Сазонаў:
– Неверагодна вялікі гонар стаяць на гэтай зямлі, дзе нарадзіўся чалавек і нарадзілася з ім новая ідэя аднаўлення Беларускай дзяржавы, дзе беларусы будуць сябе адчуваць утульна, вольна і рабіць са сваім лёсам, са сваёй гісторыяй тое, што яны лічаць патрэбным. Неверагодна вялікі гонар быць тут, убачыць людзей, убачыць нашы сцягі, сустрэцца са сваімі сябрамі і ўспомніць нашых славутых продкаў.
Пасля збору каля помніка патрыёты расцягнулі велізарны беларускі нацыянальны сцяг і пакрочылі да месца, на якім стаяла хата сям’і Каліноўскіх.
Гэтае месца яшчэ належыць годным чынам ушанаваць. А пакуль да яго варта прыходзіць, каб паставіць знічы і ўскласці кветкі правадыру паўстання.
Кажа кіраўнік ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец:
– Дзе ён нарадзіўся, жыў першыя гады жыцця да таго, як яны пераехалі, як тут кажуць, за рэчку, у Якушоўку. Стары падмурак хаты, які вы зараз бачыце, гэта частка той вялікай хаты, у якой яны жылі. І вось, бачыце, тут ёсць кутны камень падмурка, усё, што засталося. Бо частка хаты была прададзена, бо яна была вялікая, а частка засталася. І вось там зараз жывуць людзі, якія дазволілі зайсці і ўшанаваць. Там кутны камень як традыцыйнай культуры, як хрысціянскай заўсёды шанаваўся як моцны духоўны знак.
Удзельнікі неслі з сабой сцягі народаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1863-64 гг. Сярод іх былі тыя, хто штогод прыязджае ў Мастаўляны на дзень народзінаў Каліноўскага, а таксама тыя, хто трапіў у Мастаўляны ўпершыню.
***
У дзень нараджэння нацыянальнага героя грамадскія актывісты ўшанавалі яго памяць. На радзіму героя прыехала каля двух дзясяткаў чалавек з Гародні, Беластоку, Варшавы ды іншых гарадоў. Былі сцягі розных народаў, якія бралі ўдзел у паўстанні.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Мастаўляны
Фота Ладзіка Майніча і Кастуся Багушэвіча