У Мазыры асудзілі пенсіянерку за абразу Лукашэнкі



Прысуд у справе пра „абразу прэзідэнта” быў вынесены 17 чэрвеня ў судзе Мазырскага раёна, піша „Палеская вясна”.

Жыхарку Мазыра Тамару Шалупанаву абвінавачвалі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. У лютым яна змясціла каментар у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі. У спрэчцы з адным з карыстальнікаў Тамара напісала: «А ты – вошь прикорытнаная на гребешке, если тебе нравятся шизоидные речи параноика. Только д…(чалавек з разумовай адсталасцю — ПВ), как ты, может слушать этот бред сивой кобылы». Субяседнік жанчыны данёс пра гэта куды трэба, а карныя органы пазналі, што размова ў выказванні ідзе пра Лукашэнку, хаця ні ягонага прозвішча, ні пасады ў выказванні няма.

Што было доказамі віны Тамары Шалупанавай у крымінальнай справе засталося невядомым. Суддзя суда Мазырскага раёну Валянціна Новікава, якая разглядала справу, зрабіла суд закрытым.

17 чэрвеня адбылося абвяшчэнне прысуду. Валянціна Новікава прызнала Тамару Шалупанаву вінаватай у злачынстве «Абраза прэзідэнта» і пастанавіла прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама Новікава вырашыла, што ў Шалупанавай неабходна канфіскаваць усю кампутарную тэхніку – сістэмны блок, манітор, клавітятуру і нават кампутарную мыш. Гэтыя рэчы суддзя палічыла прыладай злачынства.