У Мазыры інваліда пакаралі штрафам за акцыю пратэсту



Суд Мазырскага раёна 11 красавіка прыняў рашэнне прызнаць 73-гадовага мясцовага жыхара інваліда другой групы Рыгора Крывіцкага вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства згодна з арт. 23.34 КоАП. Яго пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь (460 рублёў).

„Суд адзначыў, што такая пастанова вынесеная з улікам узросту Крывіцкага, інваліднасці і таго, што ён мае станоўчыя характарыстыкі”, — паведаміў БелаПАН актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Рабянок, які прысутнічаў на судзе 11 красавіка.

Крывіцкага аштрафавалі за арганізацыю акцыі супраць дэкрэта № 3, якая прайшла ў Мазыры 26 сакавіка. У той дзень на плошчы Леніна сабраліся прыкладна 40 чалавек, якія выказалі сваю незадаволенасць дэкрэтам „аб дармаедах” і эканамічнай сітуацыяй у краіне. З прысутнымі размаўлялі прадстаўнікі райвыканкама. Крывіцкі быў затрыманы міліцыяй пасля сходу.

Пенсіянер падаў заяву ў Мазырскі райвыканкам на правядзенне 26 сакавіка пікета. Ён прапаноўваў райвыканкаму правесці сумеснае масавае мерапрыемства з абмеркаваннем эканамічных і сацыяльных пытанняў. 21 сакавіка Крывіцкі наведаў райвыканкам, дзе намеснік старшыні Фелікс Галюк прапанаваў яму „правесці гэтае мерапрыемства ў Мазырскім райвыканкаме”.

26 сакавіка на плошчы Леніна ў Мазыры былі арганізаваныя велагонкі. „Людзі, якія сабраліся, глядзелі на гэтае спаборніцтва веласіпедыстаў, і пакуль тыя з’язджалі ў іншы канец трасы, людзі абменьваліся думкамі. Немагчыма было вызначыць — хто глядач, хто удзельнік акцыі. І папярэджанне намесніка начальніка міліцыі Пікуліка аб незаконнасці знаходжання грамадзян на плошчы выклікала здзіўленне — каго гэта тычыцца, хто глядач, а хто удзельнік акцыі?” — адзначае Крывіцкі.

На плошчы з’явіліся прадстаўнікі райвыканкама, якія прапанавалі людзям прайсці ў будынак, але ахвотных не было.

Пасля мерапрыемства Крывіцкі быў затрыманы людзьмі ў цывільным адзенні. Яго адвезлі ў РАУС. Пенсіянер расказаў, што ў кабінет зайшоў чалавек у цывільным і папрасіў выйсці ўсіх супрацоўнікаў. „Ён стаў пагражаць мне, што я буду змешчаны ў камеру, дзе знаходзяцца зняволеныя з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй з усімі наступствамі адсюль, прыніжаў маю годнасць, нацягваў мне на вочы маю кепку. За ўсе мае 73 гады яшчэ ніхто, ніколі і нідзе са мной так не паступаў. І гэта не на вуліцы, не ў падваротні, а ў міліцыі! І гэта нягледзячы на тое, што я з’яўляюся інвалідам II групы па захворванні сэрца”, — напісаў у водгуку ў суд заяўнік пікета.