У Мазыры падлеткаў асудзілі за ўдзел у масавых беспарадках



Хлопцы ў жніўні ўдзельнічалі ў мірным сходзе, падчас якога група людзей кінула некалькі камянёў у бок машыны ўнутраных войскаў.

Юрый Мельчанка (другі злева) і Сяргей Лягун (другі справа) са сваімі законнымі прадстаўнікамі.

Двое сяброў Сяргей Лягун і Юрый Мельчанка 2003 года нараджэння, як яны самі прызналіся ў судовым паседжанні, хацелі проста пабачыць як адбываюцца пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Таму 11 жніўня яны апынуліся на бульвары Юнацтва — у натоўпе людзей, з якога хтосьці кінуў некалькі камянёў у бок аўтазаку, які належыць вайскавой частцы 5525 унутраных войскаў. Камень трапіў у лабавое шкло МАЗа, якое атрымала расколіны ў выглядзе павуціння.

Сяргей Лягун і Юрый Мельчанка прызналі, што разам з іншымі ўдзельнікамі мірнага сходу 11 жніўня кінулі некалькі камянёў у бок аўтазаку. Праўда, што шкло пабілі менавіта Лягун альбо Мельчанка, у судзе не даказана. Але, грунтуючыся на тым, што камяні кідала група людзей, іхнія дзеянні прызнаныя здзейсненымі ў групе. 30 лістапада намесніца старшыні суда Мазырскага раёна Элеанора Ярмоленка прызнала Сяргея Лягуна і Юрыя Мельчанку вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 342 (удзел у масавых беспарадках) і прысудзіла па адным годзе пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прывядзення ў выкананне на адзін год кожнаму.

Заяўлены вайсковай часткай урон на 160 рублёў, паводле пастановы суда можа быць спагнаны праз грамадзянскі пазоў.

novychas.by