У Мазыры ў будынак ДАІ кінулі „кактэль Молатава”
У Мазыры ў будынак ДАІ закінулі бутэльку з гаручай вадкасцю.
Як паведамляе Следчы камітэт, інцыдэнт адбыўся 28 кастрычніка ў 3.30. Невядомы мужчына падышоў з тыльнага боку да адміністрацыйнага будынка ДАІ Мазырскага РАУС, разбіў шыбу на першым паверсе і кінуў унутр памяшкання бутэльку з гаручай вадкасцю. Адбылося ўзгаранне, якое ўдалося лакалізаваць у межах аднаго службовага пакоя. Пацярпелых няма.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Вывучаюцца запісы камер відэаназірання, усталяваных на бліжэйшых будынках.
Працу на месцы здарэння каардынуе начальнік УСК па Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў.
Распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).