У Менгарвыканкам пададуць паўторную заяўку на Дзень Волі (абноўлена)
У сядзібе БНФ адбылося нечарговае пасяджэнне аргкамітэта правядзення Дня Волі пасля таго, як заяўнікі ўчора атрымалі адказ з Менгарвыканкама, у якім заяўляецца, што “станоўча вырашыць пытанне не ўяўляецца магчымым”. Таксама заяўляецца, што “заяўнікі парушылі заканадаўства, агучыўшы дэталі правядзення акцыі да атрымання дазволу ад уладаў”.
Палітык Вячаслаў Сіўчык:
– Было прынята некалькі рашэнняў. Па-першае, будзе пададзеная заяўка. Гэта практычна паўтор таго, што было. У нас улады сёння такія як ёсць. Яны прымаюць гнюсныя спосабы правядзення палітычнай барацьбы. Таму што, натуральна, нічога яны не згубілі. Яны мусіць не хочуць, каб было нармальнае святкаванне, каб людзі загадзя ведалі, як пачнецца Дзень Волі. І таму такі дзікунскі адказ атрымалі заяўнікі. Таму яшчэ раз заклікаю беларусаў годна святкаваць Дзень Волі!
А 12 гадзіне сябры аргкамітэта ля Менгарвыканкама сустрэнуцца з чыноўнікамі, якім яшчэ раз будзе пададзенага заяўка аргкамітэта на легальнае правядзенне Дня Волі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
8 лютага ў Менгарвыканкам будзе паўторна пададзеная заяўка на правядзенне 25 сакавіка ў Менску традыцыйнага шэсця ў Дзень Волі. Такое рашэнне прыняў 7 лютага аргкамітэт святкавання Дня Волі.
Пры гэтым было падкрэслена, што аргкамітэт мае намер правесці акцыю ў ранейшым фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Праводзіць мітынг сёлета не плануецца.
Арганізатары таксама будуць прапаноўваць кіраўніцтву Менгарвыканкама сустрэцца для абмеркавання фармату шэсця.
Першая заяўка на правядзенне акцыі была перададзеная ў Менгарвыканкам 6 студзеня. 7 лютага стала вядома, што ўлады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай адзначаецца, што заяўка на правядзенне шэсця ў Дзень Волі „не ўтрымлівае заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства і інфармацыі, якая прадугледжана для такіх зваротаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах”.
Акрамя гэтага ўлады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што „арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы”. На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, „станоўча вырашыць разгляданае пытанне” аб дазволе шэсця ў Дзень Волі „не ўяўляецца магчымым”.
У сваю чаргу заяўнікі сцвярджаюць, што ў Менгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў.
У аргкамітэт па правядзенні Дня Волі ўваходзяць Партыя БНФ, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.