У Менск прыбыў новы апостальскі нунцый Габар Пінтэр



Новы апостальскі нунцый Габар Пінтэр прыбыў у Менск, паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Ля трапа самалёта, які прызямліўся 18 жніўня ў нацыянальным аэрапорце Мінск, папскага пасла сустракалі ўсе члены Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі на чале з мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю, — сказаў Пінтэр. — Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь. Шмат у чым яна нагадала мне пра Венгрыю — так шмат палёў таксама і ў маёй краіне. На гэты момант я на 100% гатовы да працы на карысць касцёла ў Беларусі, вашай краіны і людзей у ёй. Але гэта не толькі заданне — гэта яшчэ і радасць для мяне».

nunc3_160818-130vd

Апостальскі нунцый адзначыў, што ягонай першачарговай задачай стануць сустрэчы з духавенствам, вернікамі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады.

 «Спачатку я павінен увайсці ў курс спраў па многіх рэчах: становішча вернікаў у касцёле, дыялог з праваслаўнай царквой і іншае. У першыя чатыры-шэсць месяцаў маім заданнем будзе знаёмства з касцёлам у Беларусі і людзьмі тут — палітыкамі, біскупамі, вернікамі, святарамі, манахінямі», — дадаў ён.

Сустрэча новага пасла Ватыкана ў Беларусі з Аляксандрам Лукашэнкам адбудзецца арыенціровачна ў кастрычніку, паведамляе партал касцёла.

Пінтэр прызначаны новым апостальскім нунцыем у Беларусі 13 траўня. Да гэтага ён займаў пасаду саветніка апостальскай нунцыятуры ў Аўстрыі.

Габар Пінтэр нарадзіўся 9 сакавіка 1964 года ў Венгрыі. Прэсвітарскае пасвячэнне прыняў у 1988 годзе. Прэсвітар дыяцэзіі Ваца (Венгрыя). На дыпламатычнай службе Ватыкана з 1996 года, працаваў у Балівіі, Гаіці, краінах Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольская, шведскай і рускай мовамі.

Папярэдні апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці працаваў у Беларусі з сярэдзіны лета 2011 года па лістапад 2015 года і пакінуў гэтую пасаду у сувязі з прызначэннем яго кіраўніком дыпламатычнай місіі Ватыкана ва Украіне. У снежні часовым павераным у справах Ватыкана ў Беларусі быў прызначаны мансіньёр Марынка Антолавіч, які займае пасаду першага сакратара апостальскай нунцыятуры ў Менску.

БелаПАН