У Менск сцягнулі спецтэхніку і сілавікоў
У цэнтр Менска 26 красавіка сцягнулі спецтэхніку, дзяжурылі нарады АМАПа і хадзілі патрулі. У нешматлікіх мінакоў выбарачна правяралі змест мабільных тэлефонаў, даглядалі рэчы. Праходзілі кропкавыя затрыманні.
Як паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, у Менску ў панядзелак былі затрыманыя па меншай меры шэсць чалавек.
У цэнтры Менска, каля Акадэміі навук, у раёне плошчы Свабоды, Кастрычніцкай плошчы, вуліцы Леніна, Нямігі назіралася вялікая колькасць сілавікоў і спецтэхнікі – аўтазакаў, аўтобусаў. Патрулі ўнутраных войскаў і супрацоўнікі АМАПу правяралі ў мінакоў дакументы, часам – змесціва мабільных тэлефонаў, заплечнікаў і торбаў.
Нагадаем, Менгарвыканкам адмовіў у правядзенні «Чарнобыльскага шляху» сёлета. У адказе на заяўку ўказана некалькі прычын для адмовы: адсутнасць дамоваў з міліцыяй, хуткай і камунальнікамі, маршрут шэсця, які, на думку ўладаў, не адпавядае патрабаванню закона, арганізатары нібыта да атрымання адказу ад уладаў агучылі маршрут і час збору ўдзельнікаў, што забаронена законам , і, вядома, COVID-19.
«Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка праходзіў у Менску штогод. Звычайна ўдзельнікі акцыі праходзілі з шэсцем ад праспекта Незалежнасці да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля» ў парку Дружбы народаў. Там праходзіла мітынг-малітва і ўскладанне кветак.