У менскага студэнта ўжо сёмы прысуд, ён правядзе за кратамі 99 сутак



Студэнта БДУІРа Яна Салановіча судзілі сёмы раз. На гэты раз за ўдзел у „несанкцыянаванай акцыі” 11 кастрычніка.

Суддзя Партызанскага раённага суда Менска Міхаіл Макарэвіч прысудзіў хлопцу яшчэ 14 сутак. З улікам папярэдніх адміністрацыйных прысудаў Салановіч павінен правесці за кратамі 99 дзён, паведамляе TUT.by. Адвакат параўнаў з катаваннямі і колькасць сутак, і ўмовы, у якіх студэнта ўтрымліваюць.

Ян Салановіч быў затрыманы 1 лістапада на маршы ў Курапаты. Высветлілася, што ў верасні 2020 ён уладкаваўся на палову стаўкі ў навукова-тэхнічны цэнтр КДБ. Але ў гэты час ён ужо ўдзельнічаў у пратэстах. Ці не з гэтай працай звязаны такі ціск на Салановіча?

Маці студэнта Вольга Салановіч кажа, што на яго маглі аказаць ціск, бо ён прызнаўся аж у 15 эпізодах удзелу ў мітынгах, пачынаючы са жніўня. Суды дадаюць усё новыя і новыя тэрміны. Ян знаходзіцца на Акрэсціна. Маці за месяц не атрымала ад яго ніводнага ліста.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  tut.by