У Менскай епархіі не бачаць падстаў для закрыцця храмаў



2 красавіка адбылося пашыранае пасяджэнне епархіяльнага савета Менскай епархіі пад старшынствам мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, паведамляе church.by.

Галоўным пытаннем парадку дня стала абмеркаванне праблемы распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі ў сучасным свеце і неабходнасць прыняцця ў межах Менскай епархіі адпаведных мер па ахаванні веруючых людзей ад эпідэміі.

У якасці запрошанага эксперта ў пасяджэнні прыняла ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан.

Алена Богдан пазнаёміла свяшчэннаслужыцеляў з навуковай інфармацыяй пра каронавірусную інфекцыю, паведаміла пра стан спраў, звязаных з захворваннямі ў Рэспубліцы Беларусь, і распавяла, што неабходна рабіць і як варта сябе паводзіць у барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі.

Удзельнікі пасяджэння аднадушна пацвердзілі, што пры цяперашняй эпідэміялагічнай абстаноўцы ў Рэспубліцы Беларусь няма падстаў для закрыцця храмаў і спынення грамадскіх богаслужэнняў, аднак, неабходна строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя, улічваючы пры гэтым і кіруючыся ў богаслужэбнай практыцы інструкцыяй, зацверджанай Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года.

У сувязі з вышэйпададзеным, Епархіяльны савет пастанавіў:

1. Стварыць працоўную групу пад кіраўніцтвам протаіерэя Кірыла Шолкава, старшыні Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы, якой даручыць прапрацаваць варыянты магчымага прычашчэння Святых Таін Цела і Крыві Хрыстовых людзей, хворых каронавірусам і змешчаных у ізаляваных памяшканнях на стацыянарным лячэнні.

2. Штодня, пачынаючы з 4 красавіка аж да завяршэння эпідэміі, ва ўсіх храмах Менскай епархіі здзяйсняць звон па наступным распарадку дня: у 9:00, 12:00, 15:00 і 18:00 гадзін здзяйсняць 12 удараў у вялікі звон, пасля якіх на працягу 10 хвілін ажыццяўляць перазвон ва ўсе званы.

Падчас здзяйснення звону святары ва ўсіх храмах ўзносяць малітву аб спыненні каронавіруснай інфекцыі, а ўсе вернікі, якія знаходзяцца ў сваіх дамах і кватэрах, заклікаюцца да малітвы аб дараванні нам міласці Божай і больш хуткім спыненні хваробы.

Таксама ў бліжэйшы час духавенства Менскай епархіі будзе накіравана цыркулярны ліст з пералікам мер, якія належыць здзяйсняць з мэтай процідзеяння распаўсюджванню каронавіруснай інфекцыі.