У менскай кавярні на стол Лябедзькі паставілі сурвэтніцу з “жучком”
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька знайшоў у сурвэтніцы адной з менскіх кавярняў “жучок” для праслухоўвання. Пра гэта апазіцыйны палітык напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
“Сёння дамовіліся аб сустрэчы з Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. Па тэлефоне. „На старым месцы”, без абазначэння каардынатаў і назвы. Прыйшоў за 10 хвілін да сустрэчы. Толькі сеў — зазірнуў бармэн, і тут жа з’явілася афіцыянтка, узяла са стала сурвэтніцу і замяніла на іншую. Звярнуў увагу, што яны адрозніваюцца. Пачаў круціць у руках і раптам ніжняя частка пайшла па нябачнай разьбе. А там… вось гэта самая падслухоўваючая прылада. Добры дзень, тав. генерал. Так, прэзідэнцкая кампанія ўсё яшчэ працягваецца! Неяк дзіўна вядуць апрычнікі чалавека, за якога нібыта прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў”.
Да апісання Лябедзька прыклаў фота прылады. Як адрэагавала на знаходку кіраўніцтва кавярні і чым скончыцца гісторыя, пакуль не вядома, бо ніхто са згаданых апазіцыйных палітыкаў пакуль не адказвае на тэлефанаванні.