У Менскай вобласці правядуць «кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных»
З 13 лістапада па 30 снежня ў Менскай вобласці будзе праведзена кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных і іх яўка для ўдакладнення звестак воінскага ўліку, паведамляе zhodinonews.by.
Яўка ваеннаабавязаных будзе ажыццяўляцца: для ваеннаабавязаных, якія пражываюць ці зарэгістраваны у сельскай мясцовасці; для ваеннаабавязаных, якія пражываюць (зарэгістраваны) на тэрыторыі горада, – у ваенны камісарыят раёна.
Час яўкі ваеннаабавязаных у сель-, гарвыканкамы і ваенны камісарыят будзе вызначаны рашэннем ваеннага камісара. У асобных выпадках выклік ваеннаабавязаных можа ажыццяўляцца па тэлефоне. У Смалявіцкім раёне і Жодзіне апавяшчэнне будзе праводзіцца з 14 па 18 лістапада, яўка – з 21 па 25 лістапада.
Нагадаем, 19 кастрычніка ў Міністэрстве абароны Беларусі заклікалі не хвалявацца з-за зверкі звестак ваеннаабавязаных. Там запэўнілі, што гэтыя мерапрыемствы „носяць выключна планавы характар”, іх завяршэнне плануецца да канца года. 4 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў вопыт расійскай частковай мабілізацыі і заявіў, што ў Беларусі яго трэба ўлічваць „нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці”. Ён даручыў правесці праверку ваеннаабавязанага складу „без усялякага гвалту і шуму”.