У Менскай вобласці раскрытая буйная сетка па распаўсюджванні псіхатропаў
У Менскай вобласці раскрытая буйная сетка па распаўсюджванні асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва alpha-PVP і курыльных сумесяў. Як паведаміла прэс-служба УУС Менскага аблвыканкама, канфіскаваная партыя тавару больш як на 50 тысяч рублёў.
„Аперацыя па затрыманні „мінёраў” доўжылася тры дні. У агульнай складанасці аператыўнікі ўзялі з доказамі злачынства трох наркадылераў”, — адзначаецца ў паведамленні.
Спачатку ў Жодзіне затрымалі 22-гадовага мужчыну, які забяспечваў больш дробных гандляроў забароненым таварам праз закладкі. „У крымінальным бізнесе падазраваны больш за два месяцы, за гэты час падняўся па кар’ернай лесвіцы з дробнага да буйнога закладчыка, — гаворыцца ў паведамленні. — Абавязкі аналагічныя, аднак розніца ў пастаўленых аб’ёмах забароненых рэчываў, што ў наркабізнесе адыгрывае істотную ролю. Маючы зносіны з пастаўшчыкамі наркотыку праз інтэрнэт, рэалізатар атрымліваў каардынаты схованак, затым забіраў тавар і, расфасаваўшы дурман на больш дробныя дозы, перадаваў наступнаму ланцужку „мінёраў” шляхам усё тых жа закладак”.
Падчас першапачатковай працы з затрыманым аператыўнікі выявілі ў схованках 250 грамаў аlpha-PVP і 225 грамаў курыльных сумесяў. Па месцы жыхарства затрыманага выяўлена таксама больш за 100 грамаў псіхатропу і абсталяванне для фасоўкі: шалі, упаковачны матэрыял, ізастужка.
На працягу наступных двух дзён былі затрыманыя 22-гадовы і 27-гадовы жыхары Жодзіна. Яны, згодна са звесткамі аператыўных супрацоўнікаў, былі дробнымі кур’ерамі, якім праз схованкі перадавалі партыі псіхатропу для наступнай перадачы спажыўцам. Адзін з затрыманых знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.
У кожнага з закладчыкаў было знойдзена больш за 30 грамаў псіхатропнага рэчыва і больш за 10 грамаў курыльных сумесяў. Наркотыкі яны распаўсюджвалі ў Барысаве, Менску і Жодзіне.
З незаконнага абароту падчас аперацыі ўвогуле канфіскавана больш за 400 грамаў alpha-PVP, прыблізна 250 грамаў курыльных сумесяў.
У дачыненні да затрыманых распачатыя справы на падставе ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса.
belapan.by