У менскіх офісах „Белсата” прайшлі ператрусы
Канфіскавалі тэхніку і затрымалі аператара Аляксандра Любенчука. Гэта вынікі ранішніх ператрусаў у менскіх офісах тэлеканала «Белсат». Праваахоўнікі мелі ордэр, выданы Генеральнай пракуратурай. Афіцыйна паведамляецца, што праводзіцца «праверка ў рамках незаконнага выкарыстання брэнда «Belsat» пасля заявы ўладальніка. Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская лічыць, што сапраўдная прычына ператрусаў – зусім у іншым:
— Сапраўдная прычына, на маю думку, у актыўнасці журналістаў «Белсату» падчас апошніх пратэстаў. Мы давалі інфармацыю з розных рэгіёнаў і былі даступныя таксама і ў рэгіёнах, у правінцыі. Я думаю, што гэта вельмі раззлавала ўлады, таму яны і аднавілі старую справу з таварным знакам.
Агнешка Рамашэўская лічыць, што ў гэтай сітуацый самай важнай падтрымкай для “Белсату” стала б падтрымка з боку ўладаў у Польшчы. Гаворка ідзе пра фінансаванне тэлеканалу, паколькі да гэтага часу польскае Міністэрства замежных спраў так і не дало выразных сігналаў адносна далейшых планаў падтрымкі незалежнага беларускага тэлебачання.
**
Фармальная прычына ператрусаў – «незаконнае выкарыстанне таварнага знаку». Заведзена адміністрацыйная справа па факце выкарыстання таварнага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.
Сітуацыю каментуе кажа генеральны прадзюсар «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак:
— Мы гэта звязваем з нашай актыўнай працай падчас вулічных пратэстаў, актыўным асвятленнем у жывым эфіры, у тым ліку спадарожнікавым. Упершыню мы правялі жывыя стрымы на спадарожнік і цяпер іх могуць глядзець не толькі людзі, якія маюць інтэрнэт, але таксама і ў тых населеных пунктах, дзе няма хуткага інтэрнэту і немагчыма глядзець жывое відэа.
Карэспандэнтаў «Белсату» неаднаразова затрымлівалі падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. Напачатку сакавіка журналістка Кацярына Андрэева была затрыманая ў Оршы і правяла суткі ў ізалятары. На сёння адбывае тэрмін 15 сутак арышту аператар «Белсат» Аляксандр Баразенка.
Пасля ператрусу ў адным з офісаў тэлеканала «Белсат» не засталося ніякага тэлевізійнага абсталявання і камп’ютараў. Кажа генеральны прадзюсар тэлеканала Аляксей Мінчонак:
На адным офісе ўжо скончыліся ператрусы, забралі ўсю нашу камп’ютарную тэхніку. На другім офісе ператрус яшчэ працягваецца. Пакуль няма адтуль інфармацыі, але вядома, што ўсё гэта адбываецца ў межах заявы праваўласніка гандлёвага знака «BELSAT» у Беларусі пра незаконнае выкарыстанне яго інтэлектуальнай уласнасці. Адзін суд па гэтай справе мы ўжо выйгралі, другі – прайгралі.
12:25 Аператара «Белсату» Алеся Любянчука затрымалі і вязуць у Першамайскі РУУС.
Як паведаміў генэральны прадусар тэле-каналу Аляксей Мінчонак пакуль невядомая прычына ператрусаў, але яны праводзяцца па ордэры Генпракуратуры.
— Мы ведаем, што па даручэнні пракуратуры гэта робіць міліцыя, але пакуль не ведаем падрабязнасцяў, бо асабіста не бачылі гэтых папераў. Прыйшлі адначасова ў абодва офісы. У 9:20 да аднаго з іх прыйшла наша супрацоўніца, там стаялі міліцыянты, і не пусцілі яе сказаўшы, што адбываюцца следчыя дзеянні.
Пра ператрусы стала вядома ад журналісткі тэлеканала Кацярыны Ткачэнка, якую міліцыянты не пусцілі ў памяшканне. Як напісаў у Фэйсбуку Алесь Залеўскі — «усё забралі з офіса».
10:31 Кіраўнік аддзелу інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі звязвае ператрусы з актыўным асвятленнем у эфіры і на сайце тэлеканалу акцый пратэсту супраць Дэкрэта №3 і разгону Дня Волі. «Гэта раззлавала ўлады, бо мы яшчэ маем такі рычаг і магчымасць вывесці “карцінку” на экран, а не толькі паказаць у інтэрнэце. Цяпер улады намагаюцца абмежаваць інфармацыю пра пратэсты. Першыя сімптомы гэтага мы бачылі яшчэ ў першай палове сакавіка, калі пачалі затрымліваць нашых журналістаў. “Белсат” гатовы да гэткіх дзеянняў. Навіны на нашым тэлеканале будуць выходзіць нягледзячы ні на што», – падкрэсліў Дзікавіцкі.
10:23 З белсатаўскага офісу забралі тэхніку – паведамляе журналіст Алесь Залеўскі.
У праграмны офіс каля станцыі метро “Акадэмія навук” прыйшлі міліцыянты з прадпісаннем пракуратуры.
У іншым офісе, калі туды ўварваліся міліцыянты, знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук. Цяпер ягоны тэлефон выключаны.
Журналістка Белсату спрабавала патрапіць у офіс а 9:20. У гэты час ля ўваходу ужо стаяў міліцыянт, які паведаміў, што на месцы адбываюцца “следчыя мерапрыемствы”. У гэты момант у офісе маглі знаходзіцца прынамсі двое нашых калегаў. Невядома, ці дзверы міліцыянтам адчынілі, ці яны іх выбілі.
Беларускае Радыё Рацыя, belsat.eu