У Менскім метрапалітэне праезд можна будзе аплаціць банкаўскай карткай
У Менскім метрапалітэне 19 верасня пачынаецца тэставанне абсталявання для аплаты праезду банкаўскай карткай непасрэдна на турнікеце з дапамогай бескантактавай тэхналогіі міжнароднай плацежнай сістэмы Visa (Visa payWave).
Як паведамляецца на сайце Менскага метрапалітэна, першы брэндаваны турнікет з магчымасцю прыёму бескантактавых банкаўскіх карт Visa payWave і іншых тэхналогій бескантактавай аплаты з’явіцца на станцыі „Плошча Леніна” (уваход з боку ГЦ „Сталіца”).
„Гэты праект — чарговы крок у праграме развіцця сучасных перспектыўных тэхналогій у менскім метро. Укараненне сістэмы бескантактавых плацяжоў значна павысіць культуру абслугоўвання пасажыраў нашай падземкі, стане зручным сродкам аплаты праезду не толькі для менчукоў, але і асабліва — для гасцей сталіцы Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні метрапалітэна.
Паводле інфармацыі БелаПАН, тэставаны турнікет прадугледжвае магчымасць прыёму бескантактавых банкаўскіх карт Visa payWave любых банкаў.
payWave — тэхналогія бескантактавых плацяжоў, якая дазваляе ажыццяўляць аплату тавараў або паслуг. Бескантактавыя карты не трэба пракатваць у плацежным тэрмінале для правядзення аплаты — уладальніку карты дастаткова правесці ёю паблізу тэрмінала. Кожная карта Visa payWave абсталявана ўбудаванымі чыпам і антэнай, якія дазваляюць па радыёканале перадаваць на бескантактавы тэрмінал інфармацыю аб плацяжы.