У Новую Баравую вярнулі ацяпленне, пра вяртанне вады “ідуць перамовы” (абноўлена)
Кампанія “А-100 Камфорт”, якая абслугоўвае раён, паведаміла пра вяртанне ацяплення ў раён Новая Баравая. У той жа час пра вяртанне вады, піша кампанія, “вядуцца перамовы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў”.
Тым часам Лукашэнка даручыў займацца сітуацыяй з вадой былому начальніку мінскай міліцыі Барсукову і старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай, піша “Пул першага”.
Нагадаем, у Новай Баравой ад нядзелі няма вады, пазней адключылі і ацяпленне. Афіцыйная прычына – тэхнічныя праблемы. Не афіцыйная – раён вядомы сваім пратэставымі настроямі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by
***
У сталічным мікрараёне Новая Баравая акрамя вады адсутнічае яшчэ і ацяпленне. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў кліенцкім цэнтры кампаніі „А-100 камфорт”.
„У нас адбыўся збой на кацельні, таму магчымыя перабоі ў падачы ацяплення. Аварыйная брыгада працуе над гэтым пытаннем і спрабуе ліквідаваць няспраўнасць у найкарацейшыя тэрміны. Пад вечар ацяпленне ў дамах з’явіцца”, — запэўніла аператар цэнтра.
„Каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі, настойліва просім не зліваць ваду з сістэмы ацяплення. Гэта прывядзе да поўнага спынення кацельні, бо сістэма мае замкнёны контур, і пры адсутнасці водазабеспячэння яе праца не можа быць адноўленая, а значыць, у дамах не будзе ацяплення”, — папярэдзілі ў кампаніі.
На пытанне аб водазабеспячэнні аператар адзначыла: „Вады пакуль няма. Намі было выяўленае пашкоджанне засаўкі на вадаправодзе. Усю інфармацыю перадалі ў „Менскводаканал”, бо яны ўпаўнаважаныя вырашаць гэтую праблему. Яны вырашаюць сітуацыю”.
Як гаварылася ў каментары КУП „Менскводаканал” 16 лістапада, разглядаецца варыянт наўмыснага пашкоджання сістэмы водазабеспячэння ў Новай Баравой. „З мэтай максімальна хуткага выяўлення прычын аварыі, прадпрыемствам праведзенае абследаванне сетак. Выяўленыя няспраўнасці запорной арматуры, у тым ліку разглядаецца варыянт наўмыснага пашкоджання”, — адзначалася ў каментары.
Паводле інфармацыі прадпрыемства, працягваецца абследаванне, праводзіцца маніторынг якасці вады. „Прымаюцца ўсе неабходныя меры для аднаўлення водазабеспячэння ў максімальна сціслыя тэрміны”, — адзначаў „Менскводаканал”.
Для жыхароў мікрараёна арганізаваны падвоз пітной вады.
Вада ў Новай Баравой знікла раніцай 15 лістапада. Пад вечар яна з’явілася, а затым зноў знікла. Шэраг тэлеграм-каналаў апублікавалі фатаграфіі прывезеных у мікрараён біяпрыбіральняў, якія пафарбаваныя ў бела-чырвонай гаме.