У менскім скверы Котаўка зноў сякуць дрэвы
У менскім скверы Котаўка зноў пачалі секчы дрэвы. Канфлікт, які доўжыцца ўжо некалькі месяцаў паміж райннай адміністрацыяй і жыхарамі ўступіў у сваю вострую фазу. Супрацоўнікі “Зеленбуду”, якія спрабуюць высекчы дрэвы ў скверы пад будоўлю, натыкнуліся на адкрыты супраціў з боку жыхароў прылеглых да скверу дамоў.
Жыхары спрабуюць самастойна спыніць высечку, бо раённыя ўлады адкрыта ігнаруюць іхнія законныя інтарэсы, – кажа адзін з грамадскіх актывістаў Рыгор Шышкін.
– У чарговы раз хадзілі ў раённую адміністрацыю. Не пачулі там разумення, не пабачылі зваротнай сувязі. І пайшлі далей. На гэты момант канфлікт перарос у прамое супрацьстаянне. Людзі прыязджаюць і спрабуюць па праекту спілаваць дрэвы, а мясцовыя жыхары імкнуцца не дазволіць ім гэта зрабіць.
Супрацоўнікам “Зеленбуду” ўдалося ссекчы чатыры дрэвы, пакуль іх не спынілі грамадскія актывісты, якія зладзілі ў скверы своеасаблівую варту і перашкаджаюць праезду тэхнікі. Супраць высечкі дрэваў у скверы Котаўка было сабрана больш за тысячу подпісаў жыхароў гэтага раёну Менску.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя