У Менску 12 лютага пакаралі за пратэсты больш за 40 чалавек



Махавік рэпрэсій не спыняўся нават у дні правядзення „народнага сходу”, які ўлады спрабавалі прадставіць, як форум адзінства.  Паводле інфармацыі пазбаўленага дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончага цэнтру „Вясна”, у Менску напярэдадні прайшлі суды не менш чым над 42 грамадзянамі ў сувязі з акцыямі пратэсту і распаўсюдам друкаванай прадукцыі.

Традыцыйна найбольш часта выкарыстоўваемы артыкул  – 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Таксама абвінавачанні выстаўляліся па арт. 22.9 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджанню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 17.1 (дробнае хуліганства). Рашэнні аб арышце на тэрмін ад 5 да 20 сутак вынесены ў дачыненні да 35 чалавек, сем – аштрафавана.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адзін з грамадзянаў, арыштаваных на 15 сутак па арт. 23.4, быў затрыманы пасля таго, як прасігналіў, калі ехаў раніцай па пр. Незалежнасці ў раёне Палаца рэспублікі, дзе праходзіў народны сход.

Беларускае Радыё Рацыя