У Менску абмяркоўваюць вынікі аварыі на ЧАЭС
У Менску праходзіць канферэнцыя “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 гадоў пасля катастрофы”.
(Фота sputnik.by)
Арганізатарам мерапрыемства выступіў “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Для ўдзелу ў канферэнцыі ў Беларусь прыехалі спецыялісты з ЗША, Нямеччыны, Японіі, Польшчы ды іншых краін.
“Чамусьці ў Беларусі афіцыйна замоўчваецца Чарнобыльская тэматыка,” – гаворыць Павел Сітнік, адміністратар архіва вуснай гісторыі:
– Мы планавалі склікаць з усіх краінаў свету рознага кшталту навукоўцаў, якія займаюцца тэматыкай Чарнобыля для таго, каб гэтая тэма не засталася неагучанай у навуковай інфармацыйнай прасторы ў Беларусі. Я лічу, што Беларусь адна з краін свету, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі.
На думку Паўла Сітніка, неабходна даследаваць гэтую тэматыку, каб пераадолець наступствы тэхнагеннай катастрофы. Канферэнцыя працягнецца да 16-га красавіка ў прасторы “ЦЭХ”. Усе матэрыялы канферэнцыі і выступы можна будзе прагледзець на адмысловым сайце ініцыятывы.
Беларускае Радыё Рацыя