У Менску абмяркуюць акадэмічныя свабоды ў Беларусі



26 чэрвеня ў Менску пройдзе канферэнцыя, падчас якой будзе ісці размова пра парушэнне акадэмічных правоў у Рэспубліцы Беларусь. А менавіта – пра адлічэнне беларускіх студэнтаў за  актыўны ўдзел у грамадскіх мірных акцыях і кампаніях.

Гэта адбываецца ў той час, калі кіраўніцтва беларускіх універсітэтаў і студэнты БРСМ, якія спрычыніліся да рэпрэсіяў, прымаюць удзел у навуковых мерапрыемствах у Еўропе і карыстаюцца еўрапейскімі грантамі для вучобы за мяжой, кажа праваабаронца Праваабарончага цэнтра “Вясна” Зміцер Салаўёў:

– Мы заклікаем далучацца і да ўдзелу ў канферэнцыі, і да кампаніі па абароне акадэмічных правоў. Таму што мы бачым, што беларускія ўніверсітэты пераўтвараюцца ў нейкую фабрыку па вытворчасці паслухмяных людзей, якіх заганяюць навыбары, і якія пасля заканчэння ВНУ і заступаючы на пасады самі падрабляюць вынікі выбараў. У першую чаргу гэта тычыцца настаўнікаў, якія складаюць большую частку выбарчых камісій.

Ёсць такія выпадкі, як адлічэнне Юрася Лукашэвіча, які падаў новы зыск супраць Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якога яго адлічылі перад 25 сакавіка. І я хачу адзначыць, што ва ўсіх студэнтаў, адлічаных падчас “Гарачай вясны”, дата ў загадзе аб адлічэнні  стаіць перад 25 сакавіка. То бок, гэта было зроблена наўмысна, бо калі студэнт у гэты дзень ідзе на плошчу, то адміністрацыя ўніверсітэта кажа, што гэта ўжо не наш студэнт, як у выпадку з Крысціянам Шынкевічам, які толькі 27 сакавіка даведаўся, шо ён адлічаны яшчэ 23 ці 24 сакавіка. Хоць ён тады быў на занятках і ніхто яму пра гэта не сказаў.

РР: Хто з’яўляецца арганізатарам канферэнцы?

Зміцер Салаўёў: Арганізатары – Задзіночанне беларускіх студэнтаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Мы заклікаем далучацца да ўдзелу  і іншыя арганізацыі.

РР: Якія пытанні вы будзеце ўздымаць на канферэнцыі?

Зміцер Салаўёў: Мы будзем распавядаць пра выпадкі адлічэнняў студэнтаў за грамадскую дзейнасць, і мы будзем заклікаць падпісаць Адкрыты зварот да партнёраў беларускіх універсітэтаў за мяжой – фундацый, якія фінансуюць праекты, у якіх удзельнічаюць беларускія ўніверсітэты,  замежных універсітэтаў, якія з’яўляюцца партнёрамі беларускіх ВНУ.

РР: Ёсць інфармацыя, што сябры БРСМ хутка атрымаюць, напрыклад, у Венгрыі ці іншых краінах магчымасць займацца ва ўніверсітэтах па абмене.

Зміцер Салаўёў: Мы лічым, што тыя праекты, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі, мусяць адпавядаць і сваёй назве, і сваім мэтам. Звычайна там пішацца пра развіццё акадэмічных свабодаў, развіццё самакіравання, а  насамрэч мы бачым, што бяруць БРСМаўцаў, перапісваюць і кажуць, што гэта студэнцкае самакіраванне. Насамрэч, студэнцкае самакірванне ў нас не сфармаванае па дэмакратычных прынцыпах, усё адбываецца па ўзгадненні з адміністрацыяй універсітэтаў, і гэта проста прафанацыі і паказуха. Гэта вядзе да таго, што выдаткоўваюцца агромністыя сродкі нібыта на развіццё свабодаў, аднак мы бачым сітуацыю, што ніякага развіцця акадэмічных свабодаў няма.

Гэта кажуць і эксперты грамадскага Балонскага камітэта, якія пастаянна падкрэсліваюць, што хоць Беларусь і прынялі ў Балонскі працэс, але дарожная мапа  не выканана нават на 10%. І мы будзем звяртацца, каб праекты і дзейнасць ажыццяўляліся не праз адміністрацыю ўніверсітэтаў, а непасрэдна са студэнтамі і прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці.

Мы будзем падымаць пытанне аб тым, што студэнтаў заганяюць у БРСМ, выкладчыкаў заганяюць у „Белую Русь”.  Але гэта парушэнне правоў чалавека на свабоду асацыяцый. Тут мы бачым ідэалагічны складнік, бо пасля гэтыя арганізацыі займаюцца ідэалогіяй. Як  мы бачым, Саветы прафілактыкі хадайнічаюць, каб далі людзям вымовы за ўдзел у мітынгах, адлічылі з універсітэта, як, напрыклад, адлічылі Алёну Кісель з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая ўдзельнічала ў мітынгу і была затрымана міліцыяй. З міліцыі была даслана інфармацыя ва ўніверсітэт, сабраўся Савет, дзе былі ідэолагі, БРСМаўцы, яны хадайнічалі аб адлічэнні Алёны, і рэктар яе адлічыў за некалькі месяцаў да атрымання дыплома.

Таму мы хочам, каб увесь свет ведаў пра дадзеныя падзеі, каб не было больш прафанацый, каб не было праектаў, якія дэкларуюць адно, а на справе мы бачым людзей, якія ўдзельнічаюць у адлічэнні студэнтаў і за грошы Еўразвязу ездзяць на стажыроўкі за мяжу і ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях.  

Напрыклад, калі мы былі ва Украіне і распавядалі пра дадзеныя выпадкі, Юрась Лукашэвіч убачыў у фэйсбуку паведамленне, што Інстытут Польскі арганізаваў навуковую канферэнцыю, а ў ёй удзельнічаў дэкан Кахановіч, які яго адлічыў, пра што Юрась адразу напісаў у фэйсбуку. І мы такія выпадкі будзем абнародаваць. Як можа быць, што людзі, якія адлічваюць студэнтаў за грамадскую дзейнасць, атрымліваюць нейкія прэферэнцыі і ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і на іх выдаткоўваюцца рэсурсы?!

Паводле Зміцера Салаўёва, за паўтара года з беларускіх ВНУ адлічана 13 студэнтаў. Спіс адлічаных расце.

Канферэнцыя “Падаць рэпрэсіям урок: акадэмічныя свабоды ў Беларусі” адбудзецца 26 чэрвеня з 13:00 да 16:00 у гатэлі Crowne Plaza па адрасе вул. Кірава 13.

Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне:

+375 29 7 555 316 – Зміцер Салаўеў.

Беларускае Радыё Рацыя