У Менску абмяркуюць праблемы прыёмных сем’яў
Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД праводзіць круглы стол на тэму „Праблемы прыёмных сем’яў Беларусі і праўкі ў сямейнае заканадаўства”.
Запрошаныя: прыёмныя бацькі, юрысты, праваабаронцы, прадстаўнікі дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый і журналісты. Павел Севярынец расказвае пра асноўныя тэмы, якія будуць разглядацца на круглым стале.
– Круглы стол прысвечаны тром асноўным тэмам, шырока беручы праблемы сем’яў, якія маюць прыёмных дзяцей. Вядома, што такія праблемы ў Беларусі досыць шматлікія. Ёсць нават шмат цяжкіх і скандальных прыкладаў. Па-другое, гэта канкрэтная справа Ірыны Моцнай, якую спачатку пазбавілі магчымасці прымаць прыёмных дзяцей, адабралі гэтых дзяцей і наўпрост пасадзілі ў калонію на 4 гады. Фактычна разграмілі сям’ю. Зараз ніхто ў Клімавічскім раёне не жыве з Моцных, усе вымушаны былі з’ехаць.
Трэцяя тэма круглага стала, са слоў Паўла Севярынца, вынікае з першых дзвюх – гэта праўкі ў сямейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У кожнага зацікаўленага ўдзельніка будзе магчымасць выказацца і ўнесці прапановы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя