У Менску абвешчаны прысуды фігурантам „справы медыкаў”
Менскі гарадскі суд пад старшынствам суддзі Ігара Любавіцкага 27 снежня вынес прысуды 20 абвінавачаным па так званай справе медыкаў. Працэс доўжыўся з 19 жніўня і па колькасці фігурантаў стаў найбуйнейшай у Беларусі справай аб карупцыі ў ахове здароўя.
Восем чалавек — былыя чыноўнікі сістэмы Міністэрства аховы здароўя — абвінавачваліся ў атрыманні хабару (арт. 430 КК), астатнія фігуранты — у даванні хабару (арт. 431 КК).
Усе падсудныя, за выключэннем бізнесмена Сяргея Шакуціна, прызналі віну часткова або цалкам. Шакуціна вызвалілі ў зале суда — ён быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі, і суд залічыў у гэты тэрмін перыяд яго знаходжанне пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду Шакуціну прысутныя заапладавалі.
Былы дырэктар Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя (ЦЭіВАЗ) Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Сталяроў прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былы намеснік Сталярова Сяргей Зінчанка і экс-начальнік аддзела рэгістрацыі медтэхнікі і вырабаў медпрызначэння ЦЭіВАЗ Сяргей Лешчылоўскі асуджаныя на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былога гендырэктара РУП „Белфармацыя” Вячаслава Гніція суд прыгаварыў да шасці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былы кіраўнік гомельскага прадпрыемства „Фармацыя” Наталля Судакова асуджаная на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда.
Экс-намеснік генеральнага дырэктара віцебскай „Фармацыі” Кацярына Шнітко атрымала пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а былы кіраўнік гродзенскай „Фармацыі” Андрэй Шчука — два з паловай гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Экс-дырэктар РУП „Акадэмфарм” Міхаіл Гаўрылаў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі, яго ўзялі пад арышт у зале суда.
Усім былым чыноўнікам, асуджаным за атрыманне хабару, забаронена займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў.
Па чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прызначана за даванне хабару былому дырэктару СТАА „Лекфарм” Андрэю Патаповічу, экс-начальніку аддзела гэтага прадпрыемства Дзмітрыю Кузняцову і былому маркетолагу „Лекфарма” Інзе Шалькевіч.
Бізнесмены Уладзімір Ладуцька і Генадзь Сабалеўскі пакараныя штрафам у тысячу базавых велічынь (25 тыс. 500 рублёў) кожны.
Бізнесмен Віталь Мусіхін асуджаны на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, бізнесмен Уладзімір Самусенка — на чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Кіраўнік холдынга „Аптэка груп” Леанід Томчын прыгавораны да трох гадоў, а выканаўчы дырэктар гэтага прадпрыемства Раман Альтшулер — да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Кіраўнік прадстаўніцтва ТАА TRIMA Medizintechnik GmbH Майя Наўбатава пакараная штрафам у 400 базавых велічынь.
Аб выкрыцці маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя стала вядома ў канцы чэрвеня 2018 года з паведамлення КДБ. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, у тым ліку высокапастаўленых, а таксама галоўных урачоў і загадчыкаў аддзяленняў бальніц.
У чэрвені гэтага года Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы на пасаду міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, запатрабаваў навесці парадак у сістэме Міністэрства аховы здароўя. „Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаныя хабарамі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый, прытым — добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спецыялісты зарэкамендавалі”, — абурыўся Лукашэнка.
Прысуды не набылі моц і могуць быць абскарджаныя.
Фота tut.by