У Менску адбылася акцыя салідарнасці з Эдуардам Пальчысам
Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля сталічнага галоўнага паштамта, каб супольна падпісаць вязню Эдуарду Пальчысу паштоўкі і лісты.
За акцыяй пільна сачыла прыкладна такая ж колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным.
„Мэта акцыі – каб як мага больш людзей салідарызаваліся з Пальчысам”, – гаворыць ініцыятар акцыі палітык Зміцер Дашкевіч:
– Зрабіць так, каб як мага больш людзей выказалі салідарнасць з Эдуардам Пальчысам, бо трошкі так незразумела, калі сотні, а можа і тысячы падтрымлівалі яго працу, лайкалі і рэпосцілі артыкулы, а праявіць салідарнасць могуць у лепшым выпадку дзясяткі. Хочацца, каб сапраўды, як мага больш людзей падтрымала чалавека незалежна ад нейкіх партыйных ды ідэалагічных перакананняў.
„Дэмакратычнае грамадства мусіць падтрымліваць Джона Сільвера да самага вызвалення”, – дадаў Зміцер Дашкевіч.
Эдуард Пальчыс з’яўляецца рэдактарам і кіраўніком інфармацыйнага парталу 1863х.com.
У Беларусі Пальчыса, больш вядомага па мянушцы Джон Сільвер, абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай розні і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Дэмакратычная апазыцыя лічыць зняволенне і пераслед Эдуарда Пальчыса палітычна матываваным.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.org