У Менску адбылася чарговая акцыя людзей з інваліднасцю



Сёння ў Менску людзям з інваліднасцю ўдалося правесці чарговую акцыю пратэсту, паведамляе тэлеграм-канал „СІБ. Смелыя інваліды Беларусі”.

„Пачатак акцыі быў анансаваны а 14-й гадзіне на плошчы Калініна ў Менску. З самай раніцы туды сагналі чатыры амапаўскія бусікі, а саму плошчу пастаянна прачэсвалі патрулі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аднак, як вынікае з размешчаных у канале фатаграфій, людзі — прыблізна 10 чалавек — сабраліся зусім у іншым месцы — на плошчы Незалежнасці і ля ГУМа. Гэта дазволіла ўдзельнікам акцыі пазбегнуць затрыманняў. Яны сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белымі парасонамі і стужкамі і разышліся.

А на плошчы Калініна актывісты пакінулі інсталяцыю з мяккіх цацак — „перабінтаваных, паламаных, з рэшткамі крыві на бінтах ад ран, якія ўсё яшчэ сыходзяць крывёй”, — і шыльдачак з надпісамі „Не забудзем”, „Не даруем”, піша ТК „СІБ”.

Сілавікі не дазволілі людзям з інваліднасцю правесці некалькі апошніх акцый, якія традыцыйна праходзяць па чацвяргах. Удзельнікам, якім удавалася дабрацца да месца збору — плошчы Калініна, не давалі выйсці адтуль, некаторых затрымлівалі.

Людзі з інваліднасцю праводзяць у Менску акцыі пратэсту з сярэдзіны кастрычніка.

belapan.by

Фота: t.me/onlinerby