У Менску адбылася вечарына памяці Вацлава Гавела



У Менску адбылася вечарына памяці былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела. Арганізаваў мерапрыемства Рух „За свабоду”.

Па словах кіраўніка гэтай асветніцка-праваабарончай арганізацыі Юрася Губарэвіча, вечарына памяці Гавела праводзіцца ўжо сёмы раз. Упершыню  яна адбылася напачатку 2012 года, літаральна праз некалькі тыдняў пасля смерці гэтага вялікага грамадзяніна Чэхіі.

– Вацлаў Гавел праз усё сваё жыццё пранёс прынцыпы вернасці праўдзе, свабодзе і дэмакратыі. Нягледзячы на тое, што займаў высокую дзяржаўную пасаду, пасля адышоў ад дзяржаўных спраў, ён кожны дзень думаў пра сітуацыю з правамі чалавека ў іншых краінах. Пра тое, што яшчэ застаюцца народы, якія знаходзяцца пад прыгнётам аўтарытарных рэжымаў, у тым ліку ён думаў і пра Беларусь. І адзін з яго апошніх лістоў напрыканцы 2011 года, літаральна за тры дні да смерці, быў адрасаваны беларускім палітвязням.

На вечарыне прысутнічалі і выступілі амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт, былыя кіраўнікі Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, палітык, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, а таксама іншыя грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі.

Вечарына завершылася канцэртам спевака Змітра Вайцюшкевіча.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск