У Менску адбыліся суды над затрыманымі 1 траўня
У Цэнтральным судзе Менску былі разгледжаныя справы затрыманых за святкаванне Першага мая сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), а таксама анархісцкага руху. Але іх дастаўка ў суд адбылася з інцыдэнтам. Людзей доўга трымалі ў цесным фургоне, які стаяў на сонцапёку. І яны сталі гучна грукаць у дзверы машыны і патрабаваць паветраю. У сітуацыю вымушаны быў умяшацца кіраўнік Народнай Грамады Мікола Статкевіч.
– Людзі задыхаюцца. Дайце ім падыхаць. Там чатыры чалавекі. Вы нясеце адказнасць за іх.
Пасля гэтага усіх затрыманых вывелі з машыны.
Разгляд справаў адыўся досыць хутка. Усіх абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Аднак затрыманыя віны не прызналі, патлумачыўшы, што ўсе яны ўдзельнічалі ў санкцыянаваных уладамі мерапрыемствах. У афіцыйным святкаванне ў парку Перамогі і ў мітынгу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы. Тым не менш, адказны сакратар незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргей Спарыш аштрафаваны на 15 базавых велічынь (гэта 367,5 рубля), актывіст незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса Валянцін Троцкі — на 10, актывіст Андрэй Шыпулін — на 20. Прадстаўніку анархісцкага руху Аляксея Зуеву таксама прысудзілі 10 базавых. Пратакол адносна Вячаслава Касінерава адпраўлены на дапрацоўку.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя