У Менску адбыліся сустрэчы з украінскім палітолагам
Менск наведаў і прыняў удзел у некалькіх дыскусіях украінскі журналіст і палітолаг Яўген Магда.
Адна з дыскусій на тэму «Урокі гібрыднай вайны для медыя» прайшла ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Па словах палітолага, Расея ў бліжэйшай перспектыве не спыніць ціску на постсацвецкія краіны. Таму беларускаму грамадству трэба быць падрыхтаваным да абароны суверэнітэту:
– Зараз Беларусь на сябе адчувае гібрыдную агрэсію: уплыў на мозг грамадзянаў, на рашэнні кіраўніцтва, на эканоміку, на культурную сферу, даволі вялікае засілле расейскіх медыя. Але гэта яшчэ не вайна, таму што людзі не гінуць Ніводнай краіне нельга пажадаць, каб яна адчула, што такое гібрыдная вайна, бо гэта вельмі вялікая трагедыя. Тым больш для Украіны, Беларусі, якія перажылі страшныя моманты Другой сусветнай вайны. І гэта нашы грамадзяне адчуваюць і разумеюць вельмі добра.
У гэтай сітуацыі Беларусь і Украіна патрэбны адна адной менавіта як суверэнныя і незалежныя дзяржавы. Беларускае грамадства павінна ўсведамляць, што перад ім з усходу дастаткова вялікі апанент і неабходна быць гатовымі абараняць суверэнітэт сваёй краіны ўжо зараз, – падкрэсліў Яўген Магда.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: glavred.info