У Менску адбыўся круглы стол па пытанню бежанцаў



У Менску адбыўся круглы стол, прысвечаны праблеме бежанцаў у Беларусі, а таксама асвятленню гэтай тэмы ў беларускіх сродках масавай інфармацыі. Эксперты, праваабаронцы, валанцёры, журналісты падрабязна і ўсебакова распавялі аб сітуацыі з бежанцамі ў Беларусі.

 

Па словах намесніка дырэктара „Цэнтра падтрымкі бежанцаў”, сябра рады „Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андруся Клікунова, зараз у Беларусі ёсць дзве заўважныя групы перасяленцаў:

– Па-першае, гэта ўкраінцы, якія прыязджаюць з рэгіёну Данбаса ў пошуках больш бяспечнага месца для жыхарства. Гэтым людзям беларуская дзяржава надае вялікую ўвагу. Менавіта сярод украінскіх перасяленцаў найбольш людзей, якія атрымліваюць дадатковую абарону ў Рэспубліцы Беларусь. Што тычыцца другой тэмы, гэта чачэнскія бежанцы, якія ўцякаюць з Чачні і спрабуюць праз Беларусь трапіць на тэрыторыю Еўразвязу, у прыватнасці ў Польшчу.

І гэта стала сапраўднай праблема для Берасця. Таму што далёка не ўсім з уцекачоў атрымоўваецца трапіць у Польшчу. І людзі, сем’і з малымі дзецьмі, вымушаны ў няпростых умовах падоўгу знаходзіцца ў гэтым горадзе, бывае, што і на вакзале. Таму бежанцы, якія з’ехалі з радзімы, каб уратаваць сваё жыццё, патрабуюць пільнай увагі і дапамогі з боку грамадства і дзяржаўных органаў, – сказаў Андрусь Клікуноў.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя