У Менску адбыўся мітынг руху “Маці-328”



У Менску адбыўся санкцыянаваны мітынг руху “Маці-328”, які выступае за змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства. Ужо звыш чатырох гадоў маці зняволеных маладзёнаў спрабуюць дамагчыся зменаў у заканадаўстве, але ўлады ігнаруюць іх.

Нават дамагчыся дазволу на мітынг было вельмі цяжка, кажа ініцыятарка стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар:

– Нарэшце праз два гады мы атрымалі дазвол. Не менш чым 100 чалавек у нас мусіць быць на гэтым мітынгу. Самі разумееце, усё гэта аплочваецца са сродкаў маці. І наша мэта сёння – данесці праблему 328, якая існуе ў дзяржаве. Гэта глабальная праблема. Галадоўку мы ўсё роўна будзем працягваць, пакуль мы не будзем пачутыя перадусім кіраўніком дзяржавы. Мы хочам не проста паглядзець у вочы прэзідэнту, а мы хочам канструктыўнага дыялогу па гэтай праблеме. Нашы дзеці ўжо адбываюць тэрміны. Тэрміны вялізныя, неадэкватныя.

Сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” узнікла ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася вакол асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў). Сфабрыкаваныя справы і катаванні ў адносінах да затрыманых за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў сталі галоўнай прычынай таго, што маці з усёй краіны аб’ядналіся з мэтай абароны сваіх дзяцей.

Падчас мітынгу  выступіў і прадстаўнік кампаніі “Легалайз Беларусь” Станіслаў Шашок.

Наўпрост падчас выступу ў Станіслава пачалася спрэчка з простым наведнікам мітынгу, які стаў называць усіх, хто ўжывае наркотыкі, злодзеямі. Станіслаў Шашок пачаў даводзіць мужчыну, што дзяржава павінна дапамагаць выцягваць людзей з цяжкіх сітуацый, а не называць агулам усіх наркаманамі і даваць падлеткам велізарныя, часам больш за 10 гадоў зняволення, турэмныя тэрміны.

– Пытанне не ў тым, дзе наркаман бярэ грошы.

Наведнік мітынгу:

– Гэта проста злачынства, калі ён шукае грошы на наркотыкі. Гэта самае жудаснае злачынства.

Станіслаў Шашок:

– Вы не можаце называць усіх людзей, якія ўжываюць наркотыкі, злачынцамі.  Мы мусім ім памагаць, а не саджаць у турму. Калі чалавек наркаман, гэта не азначае, што ён крадзе.

Таксама падчас мітынгу Таццяна Канеўская, адная з лідарак „Маці-328”, заявіла пра свой удзел у парламенцкіх выбарах. Яна заявіла, што раней балатавалася ў мясцовыя саветы, але была не дапушчаная па смешных прычынах. Таксама яна заявіла, што цяперашнюю ўладу трэба змяніць, таму што яна ў шэрагу сітуацый, у тым ліку і з антынаркатычным заканадаўствам, паказала сваю непрафесійнасць і неэфектыўнасць.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Еўрарадыё