У Менску адкрыецца фотавыстава: Курапаты 1989



Фотавыстава “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты”  адчыніцца ў Менску 9 ліпеня. 

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Шэсце ад Усходніх могілак да ўрочышча Курапаты. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў. 

Змаганне за праўду пра Курапаты працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў.

29 кастрычніка на Дзяды 1989 году ў Мінску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты. 

Многія людзі, якія бралі ўдзел 29 кастрычніка 1989 года ў масавым шэсці да Курапатаў, у далейшым адыгралі выключна важную ролю ў станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы.  

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Курапаты. Мая Кляшторная, святар Аляксей Шынкевіч, Зянон Пазняк. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў. 

Аўтар фотаздымкаў – Уладзімір Сапагоў (1952 – 2012), беларускі фатограф. у 80-я гады ХХ стагоддзя – удзельнік моладзевага дэмакратычнага руху, які выступаў за Незалежнасць Беларусі.

У 1998-2000 гадах Уладзімір Сапагоў супрацоўнічаў з выданнем Праваабарончага цэнтру “Вясна” – «Права на Волю”. Уладзімір Сапагоў – сірата, выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Берэсці, вучыўся ў Маскве. Жыў у інтэрнаце Менскага трактарнага заводу. Пасля смерці Уладзіміра Сапагова прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Сябар фатографа, Міхаіл Мякіш, уратаваў негатывы.

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Першыя стыхійныя ўшанаванні расстрэльных ямаў у Курапатах. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў. 

Выстава адчыніцца 9 ліпеня, у 18.00 на адукацыйнай пляцоўцы Тэрыторыя правоў, Мінс, вуліца. Ложынская, памяшканне 404 (Станцыя метро Уручча).     

Беларускае Радыё Рацыя