У Менску адкрылі помнік Леаніду Маракову (абноўлена)
Залева і людзі на могілках пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На Заходніх могілках у Менску быў асвечаны помнік на магіле даследчыка камуністычных рэпрэсій Леаніда Маракова.
Гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:
– Дзякуй вялікі ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб на магіле нашага вядомага пісьменніка, даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова паўстаў гэты помнік. А гэта і пісьменнікі, і сябры, калегі, яго чытачы, прадстаўнікі розных арганізацый. Шлях ягоны ў літаратуру і да даследчыцкай працы быў невыпадковы. Ад рэпрэсіі пацярпеў дзядуля Леаніда Маракова, ягоны бацька і ягоны дзядзька – вядомы паэт Валеры Маракоў.
Леанід Маракоў, ахвяруючы ўласнымі сродкамі, вярнуў у публікацыях і кнігах памяць больш чым пра 20 000 ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Беларусі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара
29 кастрычніка на Заходніх могілках Менска прайшло ўрачыстае адкрыццё помніка даследчыку сталінскага тэрору Леаніду Маракову з удзелам кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, празаікаў, грамадскіх дзеячаў, стваральніка помніка – скульптара Ігара Засімовіча. Выбітны гісторык пайшоў з жыцця два гады таму. Кажа сябра руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Такія імёны, як імя Леаніда Маракова, належаць усёй нацыі. Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь у Беларусі будзе Інстытут нацыянальнай памяці і ён будзе мець імя Леаніда Маракова, бо менавіта сваёй дзейнасцю ён не тое што заслужыў гэта, бо гэта ў дадзенай сітуацыі кепскае слова, – з яго дзейнасці і можа якраз паўстаць нармальны Інстытут нацыянальнай памяці, калі мы кажам пра Беларусь.
Леанід Маракоў — аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў дзесяці тамах “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991”, у якім прыводзяцца біяграфіі больш чым 20-ці тысяч расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах дзеячаў беларускай культуры.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя