У Менску адкрыўся першы ў Беларусі факультэт кітайскай мовы і культуры



У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адкрыўся першы ў Беларусі факультэт кітайскай мовы і культуры.

Як паведамляе Міністэрства адукацыі, факультэт будзе рыхтаваць выкладчыкаў, перакладчыкаў і спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі ў сферы знешнеэканамічных сувязяў, сувязяў з грамадскасцю і міжнароднага турызму.

Факультэт кітайскай мовы і культуры мае цесныя кантакты з Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам, Пекінскім універсітэтам замежных моў, Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў і Шанхайскім універсітэтам замежных моў.

У структуры факультэта будуць функцыянаваць дзве кафедры: кафедра тэорыі і практыкі кітайскай мовы і кафедра маўленнязнаўства і прафесійнай камунікацыі.

Сёння ў МДЛУ выкладанне вядзецца больш чым на 20 замежных мовах, у тым ліку на арабскай, італьянскай, кітайскай, нідэрландскай, польскай, шведскай, японскай і іншых. Навучальны працэс забяспечвае прафесарска-выкладчыцкі склад 22 факультэцкіх і агульнаўніверсітэцкіх кафедраў, шматлікіх вучэбных кабінетаў і цэнтраў моў і культур.

belapan.com

Фота ubr.ua