У Менску адзначылі Еўрапейскі дзень без аўтамабіля
У беларускай сталіцы адзначылі Еўрапейскі дзень без аўтамабіля. На вечар некалькі цэнтральных вуліц Менску ператварыліся ў пешаходныя і прыязныя для раварыстаў. Усе жадаючыя маглі таксама пракаціцца на электрычных скутэрах.
Такія святы вельмі важныя для папулярызацыі экалагічна чыстага транспарту сярод жыхароў горада, кажа старшыня праўлення Менскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў:
— Калі казаць, які ўнёсак робіць адзін дзень, дык можа там і ніякі, але ўсе мы любім сімвалы і насамрэч тут трэба глядзець, што мяняецца ў свядомасці людзей. І зараз мы бачым тут цягам вечара, я думаю, пройдзе і тысяча людзей: пацікавяцца, паслухаюць музыку, пагутараць, паглядзяць на сучасныя электрычныя ровары. Ну і задумаюцца і можа нешта зменіцца.
У адкрыцці свята “Дзень без аўтамабіля” ўзялі ўдзел і прадстаўнікі гарадскіх уладаў. У праграме мелася таксама адмысловая прастора для дзяцей, спартовая зона, а на завяршэнне свята адбыўся музычны канцэрт.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя