У Менску адзначылі лаўрэатаў прэміі імя Святланы Навумавай (абноўлена)



У Менску грамадская кампанія „Гавары праўду” ўручыла прэмію імя палітолага Святланы Навумавай. Прэмія ўручаецца ў 4 намінацыях. „Задума года” – за найбольш крэатыўную ідэю, якая рэалізавана на практыцы, „Надзея года” – лепшаму маладому палітыку. Прысуджаюцца прэміі ў намінацыі „Аналітык году” і „Журналіст году”.

Па словах паэта, кіраўніка „Гавары праўду” Уладзіміра Някляева, прэмія ўручана ўжо ў чацьвёрты раз.

– У нас ёсць ужо нейкія традыцыі, напрацоўкі, як гэта рабіць, каб было цікавей. Ну і каб больш важка гэта выглядала для тых людзей, якія гэтую прэмію заслугоўваюць. Вага прэміі расце. Гэта доказ таксама таму, што сама Святлана Навумава застаецца ў нашай сучаснай палітыцы, у нашым грамадскім жыцці, і імя яе важкае.

Таксама Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што важная задача прэміі – прыцягнуць увагу грамадства да людзей, якія выступаюць за перамены ў краіне, за свабоду, дэмакратыю, права чалавека. „Ім вельмі патрэбна маральная падтымка дзеля той працы, якую яны робяць,” – сказаў Уладзімір Някляеў.

Лаўрэатам прэміі ў намінацыі „Задума года”стала стваральнік дабрачыннага праекту „Калі ласка” Алеся Пчолка. Лепшым маладым палітыкам, (намінацыя „Надзея года”) прызнаны кіраўнік грамадскай арганізацыі „Альтэрнатыва” Алег Корбан. Лепшым палітычным аналітыкам стаў аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст. А прэмію ў галіне журналістыкі атрымаў карэспандэнт газеты „Новы час” Зміцер Галко за серыю ваенных рэпартажаў з Украіны.

[Not a valid template]

* * *

Журналіст газеты „Новы час” Зміцер Галко уганараваны прэміяй імя Святланы Навумавай, якую заснавала грамадская ініцыятыва „Гавары праўду”. „Сама працэдура вызначэння прайшла востра, сярод намінантаў былі і іншыя годныя прафесіяналы: Алена Андрэева, Павел Шарамет і Таццяна Гусева. Аднак працу Змітра Галко трэба лічыць не проста прафесійнай, але і гераічнай,” – лічыць рэдактар „Новага часу” Аляксей Кароль. Апошнія месцы Галко знаходзіцца ў Данбасе, на вайне: „Ёсць тэмы, якія не кожны можа асвятляць і не кожны можа рашыцца на гэта. Рэдакцыя не давала задання Галко ехаць ва Украіну. Гэта яго выбар і не першая камандзіроўка. Кожны матэрыял Змітра Галко адтуль даецца вельмі няпроста. І дай Бог, каб не коштам крыві і жыцця”, – сказаў Аляксей Кароль.

Жонка Змітра Галко Вольга разам з сынам Янам, атрымоўваючы прэмію за мужа, які і зараз знаходзіцца ў Марыўпалі, сказала, што ён не проста на вайне. Ён на лініі, дзе змагаюцца сусветнае дабро і зло. Такое змаганне адбывалася ў Беларусі ў 2010 годзе, у іншых краінах.

„Зараз яно, канешне, ва Украіне. І ва Украіне, у гэтай самай кропцы, дзе зараз вельмі моцная напруга і гэтая напруга расце, зараз прысутнічае мой муж. Канешна, гэта моцны стрэс, калі Зміцер у такой небяспечнай кропцы. Але я гэта разумею, прымаю і ганаруся”, – сказала жонка Змітра Галко.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.