У Менску актывіста затрымалі за кашульку „Азоў” (абноўлена)



Раніцай 7 ліпеня на станцыі метро „Кунцаўшчына” ў Менску быў затрыманы грамадскі актывіст Міраслаў Лазоўскі. Падставай для затрымання стала апранутая на Лазоўскім кашулька з лагатыпам батальёна „Азоў”, купленая ім у Кіеве.

Як расказаў Лазоўскі, пытанні выклікала і кніга Віктара Казько „Час збіраць косці”, што перамагла сёлета ў прэстыжнай прэміі Гедройца. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ў дадзеным выпадку трэба разабрацца наконт „падрыўной літаратуры”.

Грамадскаму актывісту Міраславу Лазоўскаму, паводле пастановы Фрунзенскай РУУС, прысудзілі штраф нібыта за брыдкаслоўе ў грамадскім месцы і адпусцілі. Пра гэта паведаміла супрацоўніца “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская:

– Дазвольце выкарыстаць вашую дапамогу, каб падзякваць усім журналістам, хто аператыўна адгукнуўся. І таксама “Вясне”, якая вельмі аператыўна забяспечыла адвакатам. Я думаю, што дзякуючы гэтай супольнай увазе, Міраслава хутка, пасля таго як пачала тэлефанаваць прэса, як пачала тэлефанаваць адвакатка і даведвацца пра ягоны лёс, адпусцілі, аштрафаваўшы быццам бы за хуліганскія дзеянні ў метро. Дзве базавыя велічыні яму прысудзілі і тут жа адразу апусцілі. Але гэта было як раз пасля таго, калі супольнымі намаганнямі даведваліся пра ягоны лёс.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Напачатку міліцыя прапанавала калегам Лазоўскага, якія звярнуліся на станцыю, „дачакацца прыезду начальніка”, а потым параіла наўпрост звяртацца ў суд па месцы затрымання (г.зн. суд Фрунзенскага раёна).

Актывіста даставілі па адрасе праспект Незалежнасці, 6, дзе пратрымалі да 15-й гадзіны. За гэты час на яго склалі пратакол па артыкуле „Дробнае хуліганства” і аштрафавалі на 360 тыс. рублёў (2 базавыя велічыні) за „нецэнзурную лаянку” ў грамадскім месцы.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя