У Менску АМАП затрымаў на канцэрце каля 50 чалавек



Каля 22.00 усіх затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні. Сярод затрыманых было і 10 чалавек з Расеі. Уласна на канцэрце планаваўся выступ чатырох гуртоў з Беларусі і Расеі. Сярод гледачоў былі пераважна актывісты антыфашыстоўскага руху.

***

Журналістка Ірына Арахоўская была на канцэрце як наведніца. Яна распавяла Радыё Свабода, што інфармацыя пра яго распаўсюджвалася ў сацсетках у адкрытым доступе.

«Перад канцэртам я ўжо заўважыла бусы зь людзьмі ў масках і таксама пабачыла там людзей, якія звычайна ахоўваюць на акцыях у пінжаках. Я ўжо зразумела, што штосьці будзе», – кажа Ірына.

Ірына распавяла, што спэцназ уварваўся ў памяшканьне на самым пачатку канцэрта праз «чорны ўваход».

«Пачалі крычаць, усіх класьці на падлогу тварам уніз. Тых, хто быў бліжэй да дзьвярэй, білі нагамі. Я таксама там была. Кагосьці моцна зьбівалі. Я дык не зразумела, як трэба легчы. Прысела спачатку з тэлефонам, ён у мяне стаў выбіваць тэлефон, крычаць „пакладзіся нармальна“. А я не разумела, як „нармальна“, таму можа мне і дасталося».

Пасьля гэтага, кажа журналістка, людзей паўтары гадзіны пратрымалі «на расьцяжцы» — тварам да сьцяны з узьнятымі рукамі і шырока расстаўленымі нагамі.

«Паставілі на расьцяжку, пачалі апытваць: імя, прозьвішча, дата народзінаў, месца народзінаў. Калі яны кагосьці пазнавалі, напрыклад, Макса Пякарскага і Вячку Касінерава, то іх выводзілі. Вывелі тых, хто не зь Беларусі. Пасьля агледзелі майкі і татуяваньні, і кагосьці з патрэбных ім людзей таксама павыводзілі. Гэтыя 40 чалавек былі ў РУУС, а астатніх 57 адпусьцілі».

Ірына Арахоўская паведамляе, што каля 22.00 гадзіны частку затрыманых з Партызанскага РУУС вывезьлі на аўтобусе. Сярод іх Максім Пякарскі. Частка затрыманых яшчэ ў РУУС.

На пытаньне пра магчымыя прычыны затрыманьня ўдзельнікаў канцэрту Ірына Арахоўская адказала, што гэта можа быць запалохваньне перад акцыяй 21 кастрычніка, якую арганізоўвае Мікола Статкевіч.

***

У Менску 14 кастрычніка прыблізна а 18.10 у прастору «210 METROV» уварваліся супрацоўнікі АПАПу. У гэты момант у памяшканні праходзіў канцэрт „Minsk edge day 2017”. Каля 50 чалавек, якія на той момант прысутнічалі на канцэрце, пасадзілі ў аўтобусы і павезлі ў РУУС Партызанскага раёну. 

Вядома, што ў ліку затрыманых актывіст Вячаслаў Касінераў, мастак Максім Пякарскі, журналістка Ірына Арахоўская. Максім Пякарскі паспеў паведаміць ПЦ „Вясна”, што ў адным з аўтобусаў яго і яшчэ каля 20 чалавек паклалі на падлогу і збівалі.

Пазней Ірына Арахоўская паведаміла, што яе „паставілі на расцяжку і моцна білі”. Зараз Ірына Арахоўская ўжо на волі.

Усе затрыманыя знаходзяцца ў РУУС Партызанскага раёна.

Стала вядома, што каля сёмай вечара ў РУУС супрацоўнікі АМАП прывезлі ўдзельнікаў некаторых гуртоў, якія павінны былі выступаць на канцэрце. Па папярэдняй інфармацыі, затрымана 8 музыкаў. 

Правабарончы цэнтр „Вясна”