У Менску АМАП затрымлівае тых, хто стаяў у чарзе ў ЦВК



У Менску пачалі затрымліваць людзей, якія хацелі падаць у Цэнтрвыбаркам скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

Чарга ахвотных падаць скаргі пачала выстройвацца 15 ліпеня з раніцы. Да вечара яна расцягнулася на некалькі кіламетраў. Прыкладна ў 18.00, за гадзіну да заканчэння працы ЦВК, супрацоўнікі міліцыі праз гучнагаварыцель пачалі папярэджваць аб тым, што ў 19 гадзін ЦВК закрываецца, і прасілі грамадзян разыходзіцца, але людзі працягвалі стаяць.

Каля 19.00 служачыя ўнутраных войскаў перакрылі вуліцу Мяснікова. Пачаліся затрыманні. Паводле слоў відавочцаў, затрымлівалі тых, хто ішоў ад плошчы Незалежнасці, дзе знаходзіцца ЦВК.

14 ліпеня на прэс-канферэнцыі па выніках рэгістрацыі кандыдатаў прадстаўнікі штаба Бабарыкі паведамілі, што яны падрыхтавалі і размясцілі на сваім сайце тэкст скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства ў сувязі з адмовай у рэгістрацыі. Штаб прапанаваў грамадзянам аспрэчыць рашэнне ЦВК.

У скарзе ўтрымліваюцца патрабаванні адмяніць рашэнне камісіі ад 14 ліпеня аб нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы, а таксама змяніць меру стрымання Віктару Бабарыку і яго сыну Эдуарду, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Акрамя гэтага, у скарзе ёсць патрабаванне ўстанавіць на выбарчых участках камеры і дазволіць фатаграфаваць журнал уліку выбаршчыкаў.

belapan.by