У Менску арыштаваныя Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі
28 красавіка ў Менску былі затрыманы актывісты Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі, паведамляе spring96.org. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (парушэнне арт. 23.34 КаАП).
У дом Вольгі Нікалайчык міліцыянты ў цывільным ламіліся амаль гадзіну, у выніку чаго трэснула шыба і быў зламаны замок. Максіма Вінярскага затрымалі, калі той ішоў у краму. Абодвух актывістаў даставілі ў суд Першамайскага раёна. У хуткім часе яны былі асуджаны на 7 сутак арышту кожны.
За два дні да гэтага абадва актывісты ўдзельнічалі ў акцыі „Чарнобыльскі шлях”. Аднак да пачатку шэсця яны вырашылі сабрацца не ў дазволеным уладамі месцы ля кінатэатру „Кастрычнік”, а насупраць – ля будынка Акадэміі навук, і правесці там пікет. Актывісты разгарнулі плакаты з партрэтамі зняволеных Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, Змітра Паліенкі і Святаслава Барановіча, а затым запалілі фаеры.