У Менску прайшлі суды над абаронцамі Курапатаў (абноўлена)



Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец арыштаваны судом Менскага раёна на 15 сутак за абарону Курапатаў.

Яго асудзілі з фармулёўкай паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «дробнае хуліганства» і  «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў». У суд прыйшла і жонка палітыка — Вольга з малым сынам. Павел Жачко, які вёў паседжанне, зачытваючы прысуд, папрасіў яе выдаліцца з залы з сынам:

18-га красавіка, калі Павел Севярынец яшчэ будзе адбываць пакаранне, прызначанае яму сёння, над палітыкам адбудзецца яшчэ адзін суд за дзеянні ў Курапатах.

Міліцыя і работнікі лясгасу дзейнічалі і працягваюць дзейнічаць незаконна — ніхто не мае права выкарыстоўваць бурыльную ўстаноўку ў месцах масавага пахавання людзей, а таксама праводзіць якія-кольвек работы на тэрыторыі мемарыялу без афіцыйных дакументаў і абмеркавання з грамадскасцю, — заявіла ў судзе Ніна Багінская, якую пакараў штрафам ў памеры 1275 рублёў суддзя Аляксей Карпачоў. Таксама Ніна Багінская заявіла ў інтэрв“ю «Радыё Рацыя», што міліцыянты займаліся ілжэсведчаннем:

– Яны ўвогуле ўсё нахлусілі. Калі быў суд над Паўлам Севярынцам, сведка ўвогуле сказаў, што Павел мяшаў працам. І што ён паставіў нагу пад бур. Прабач, але пад бур нагу ставіў не Павел, а Багінская. З той мэтай, што я, як былы геолаг і супрацоўнік геалагічнага інстытута, я ўдзельнічала ў бурыльніых работах, і я ведаю, што такое бур. Бур дробіць нават граніт у трэскі. Значыць яны бураць нашу гісторыю.

Ніна Багінская з’явілася ў суд у паліто з лозунгам «Свабода народу!» і нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. Актывістка лічыць, што ў знішчэнні Курапат наўпрост зацікаўленая Масква, марыянеткамі якой можна назваць цяперашнія беларускія ўлады.

Усе абаронцы народнага мемарыялу ўжо назвалі суды палітычна матываванымі, ніхто вінаватым сябе не прызнае, заяўляючы, што Лукашэнка і яго ўлада проста хочуць знішчыць Курапаты і даўно вядомыя ў свеце сляды злачынстваў камунізму.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская аштрафаваная на 50 базавых велічыняў (1.275 рублёў). Рашэнне вынес суд Менскага раёна (суддзя Аляксей Крапачоў).

Некалькімі гадзінамі раней адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да Багінскай, суд вярнуў на дапрацоўку ва УУС Менскага раёна.

Багінская абвінавачаная паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў). За кожнае правапарушэнне яна пакараная штрафам 25 базавых велічынь. Актывістка паведаміла БелаПАН, што абскарджваць рашэнне суда не збіраецца.

* * * 

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец абвінавачаны паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) і асуджаны на 15 сутак арышту. Такое рашэнне прыняў 8 красавіка суддзя суда Мінскага раёна Павел Жачко.

Згодна з першы артыкулам Севярынец пакараны пяцісутачным арыштам, другім — арыштам на дзесяць сутак. Канчатковы тэрмін — 15 сутак — адлічваецца з дня затрымання палітыка 5 красавіка.

Абскарджваць рашэнне суда Севярынец адмовіўся.

Павел Севярынец быў затрыманы раніцай 5 красавіка ў Курапатах, дзе напярэдадні паводле загаду ўладаў знеслі 70 драўляных крыжоў, устаноўленых грамадскімі актывістамі летам мінулага года. Да суда палітыка трымалі ў ІЧУ.

belapan.by

* * * 

Адміністрацыйную справу актывісткі апазіцыі Ніны Багінскай вярнулі на дапрацоўку ва УУС Менскага раёна для ліквідацыі недахопаў. Такое рашэнне прыняў 8 красавіка суддзя Менскага раённага суда Аляксей Крапачоў.

Ніна Багінская ў судзе. Фота Алены Танкачовай

Багінская абвінавачваецца па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

Ніна Багінская была затрыманая раніцай 5 красавіка ў Курапатах, дзе выказвала сваю нязгоду з дзеяннямі працоўных Бараўлянскага лясгаса, якія па загадзе ўладаў знеслі напярэдадні 70 драўляных крыжоў, устаноўленых грамадскімі актывістамі летам мінулага года. Увесь гэты час 72-гадовая Багінская правяла ў ІЧУ.

„Яны не ведаюць, што рабіць, таму што самі парушаюць закон і Канстытуцыю. Я маю права ўдзельнічаць ва ўсіх мірных акцыях,” — так пракаментавала БелаПАН Багінская сённяшняе рашэнне суда.

Цяпер у судзе Менскага раёна пачаўся разгляд справы сустаршыні аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які таксама быў затрыманы ў Курапатах 5 красавіка.

* * * 

Сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і 72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская дастаўленыя ў суд Менскага раёна.

Цяпер слухаецца справа Багінскай. Яе абвінавачваюць па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суддзя — Аляксей Крапачоў.

Справу Севярынца пачнуць слухаць не раней за 16.00, паведамілі БелаПАН супрацоўнікі суда.

* * * 

Сустаршыню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца будуць судзіць 8 красавіка ў судзе Менскага раёна. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец, заклікаўшы людзей прыйсці ў суд, каб падтрымаць мужа. Павел Севярынец быў затрыманы 5 красавіка ў народным мемарыяле Курапаты разам актывісткай Нінай Багінскай нібыта для «высвятлення асобы». Як паведаміла сустрашыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, Багінскую трымаюць у ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёна і таксама будуць судзіць у панядзелак.

5 красавіка ў Курапатах затрымалі яшчэ двух грамадскіх актывістаў – Вольгу Нікалайчык і Максіма Вінярскага. «Праўдападобна, што суды на імі адбудуцца таксама сёння», – паведамляе палітык Яўген Афнагель. Акрамя таго, мяркуецца, што адбудзецца суд над сустаршынём БНК Мікалаем Статкевічам, які стаў ініцыятарам малебну за Курапаты ў цэнтры Менску 7 красавіка.

svaboda.org