У Менску будуць судзіць Дзяніса Урбановіча



Суд Менскага раёна 26 лютага разгледзіць адміністрацыйную справу затрыманага абаронцы Курапатаў Дзяніса Урбановіча, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец у „Фэйсбуку”.

Урбановіч быў затрыманы 25 лютага. Увечары 16 лютага ў Курапатах каля рэстарана „Поедем поедим” яго збіў аўтамабіль. 

Аўтамабіль ехаў на вялікай хуткасці, таму актывіст не паспеў ухіліцца. Ён упаў на асфальт і стукнуўся галавой. Кіроўца аўтамабіля пры гэтым нават не спыніўся і пакінуў месца ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі вадзіцеля, склалі пратакол, забралі ў яго правы, а таксама правялі следчы эксперымент, каб разабрацца ў сітуацыі.

Хуткая дапамога забрала Урбановіча ў бараўлянскую раённую бальніцу, дзе яму знялі боль, зрабілі рэнтген і МРТ галавы. Пераломаў і цяжкіх траўмаў у актывіста не выявілі, дыягнаставалі толькі ўдары, сказаўшы, што ўсё будзе добра.

17 лютага Урбановіч паехаў у Следчы камітэт, каля якога яму стала дрэнна, была выкліканая хуткая дапамога. У выніку ў той жа дзень яму наклалі шыйна-плечавы гіпс у сувязі з вельмі моцнымі ўдарамі шыі, пляча і рукі. Медыкі загадалі актывісту насіць гіпс тры тыдні.

belapan.by