У Менску будуць судзіць назіральніцу Таццяну Мастыкіну
Адбудзецца суд над назіральніцай праваабарончага цэнтра „Вясна” Таццянай Мастыкінай. Яе затрымалі ў Менску на Дзень Волі і прымусова, з выкарыстаннем грубай сілы ўзялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі.
Па словах юрыста праваабарончага цэнтра „Вясна” Паўла Сапелкі, 25 сакавіка ў раёне плошчы Якуба Коласа, адкуль частка апзіцыі планавала пачаць несанкцыянаванае шэсце, было затрымана 7 назіральнікаў ад Беларускага Хельсінскага камітэта і праваабарончага цэнтра „Вясна”. Міліцыя склала на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемсвтве, а адносна Мастыкінай яшчэ і пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаанням супрацоўнікам міліцыі:
– Здавалася, што ў органаў правапарадку хапіла разумення, каб зразумець, што гэта была памылка. Не было ніякіх далейшых рухаў па гэтых пратаколах. Як я мяркую, у сувязі з тым, што Мастыкіна паступальна і мэтанакіравана абскарджвае жорсткія і не прапарцыйныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – прымяненне фізічнай сілы з мэтай вымусіць яе прайсці дэкталаскапію. У адносінах да яе гэта адміністратыўная справа працягнулася.
Разгляд справы адбудзецца 8 траўня ў судзе Першамайскага раёну Менску.
У сувязі з гэтым праваабарончы цэнтр „Вясна” і Беларускі Хельсінскі камітэт выступілі з заявай. У ёй праваабаронцы патрабуюць спыніць адміністрацыйныя справы адносна Таццяны Мастыкінай і не перашкаджаць законнай дзейнасці назіральнкаў праваабарончых арганізацыяў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск