У Менску будуць судзіць Статкевіча, Севярынца і Шумчанку
Суд Маскоўскага раёна Менска разгледзіць адміністрацыйныя справы сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і былога палітвязня Мікалая Статкевіча.
Павел Севярынец даведаўся пра суд з пратакола, які прыйшоў па пошце. Акрамя таго яму прыйшлі яшчэ два пратаколы: за ўдзел у акцыі 25-га сакавіка з нагоды Дня Волі і ў акцыі каля амбасады Расеі ў падтрымку асуджанай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі:
– На суды ісці не збіраюся, але паколькі тут па тры пратаколы ў дзень прыходзіць, то ў мяне з’явілася ідэя, калі беларусы дружна кожны дзень пачнуць выходзіць на акцыі пратэсту, то суды, райаддзелы і ўвесь гэты карны канвеер, яны будуць натуральным чынам паралізаваныя. “Салідарнасць” у Польшчы калісьці менавіта так і рабіла, размах супраціву быў такі вялікі, што спецслужбы проста не паспявалі адсачыць перамяшчэнне ўлётак, выхад людзей на вуліцу. Я думаю, што ў беларусаў менавіта такое выйсце, такая перспектыва ёсць.
Раней стала вядома, што 6-га красавіка суд таксама разгледзіць і адміністрацыйную справу старшыні аб’яднання прадпрымальнікаў „Перспектыва” Анатоля Шумчанкі.
14-га сакавіка каля будынка Міністэрства па падатках і зборах у Менску Шумчанка і Статкевіч арганізавалі імправізаваны мітынг з удзелам каля двухсот чалавек. Прадпрымальнікі перадалі ў МПЗ калектыўны зварот з патрабаваннем адмены ўказу № 222.
Беларускае Радыё Рацыя