У Менску будуць узмоцнена скарачаць аб’ёмы будаўніцтва



Аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка, прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака.

„Вы памятаеце, у старыя добрыя часіны мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся аб тым, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Мінску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс родных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. Менск — не гумовы. Ведаю, як мінчане гэта ўспрынялі. Яны падтрымліваюць такую тэндэнцыю”, — сказаў Лукашэнка падчас сустрэчы з Сіваком, відэасюжэт пра якую паказаны ў эфіры тэлеканала  СТВ.

Паводле яго слоў, гарады-спадарожнікі вызначаныя і размешчаныя недалёка. „Галоўнае, каб была транспартная сувязь і працоўныя месцы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

„Потым вы ўносіце шэраг прапаноў па будаўніцтве дамоў арэнднага жылля, у тым ліку пілотны праект для чаргавікоў, якія жадаюць [пабудаваць жыллё] у Смалявічах. Правільна робяць. Проста людзі павінны разумець, што мы кожны год, пасля II Еўрапейскіх гульняў асабліва, узмоцнена будзем скарачаць аб’ёмы будаўніцтва ў Мінску. Таму той, хто зразумее гэта раней за ўсіх, той і выйграе. Я ведаю, што прыблізна 1,5 тысячы, магчыма, ужо і 2 тысячы чаргавікоў хочуць будавацца ў Смалявічах. Я не пярэчу. Што тут пярэчыць? Людзі хочуць. Будзем падтрымліваць гэта”, — сказаў Лукашэнка.

У якасці важнага фактару кіраўнік дзяржавы назваў цану будаўніцтва. „Мы паспрабавалі эксперымент. Яго праводзіць завод эфектыўных канструкцый. Ён ужо зрабіў, па-мойму, не адзін дом. Выдатна атрымалася. Чаму мы павінны мець справу з рознага роду, я іх груба называю, жулікамі, інакш іх і не назавеш, якія шкуру дзяруць з людзей? Пяць працэнтаў рэнтабельнасці — прадпрыемства будуе, мае грошы, людзі ў два разы танней купляюць жыллё. Трэба вывучыць гэты вопыт. Часу на гэта практычна няма”, — сказаў Лукашэнка. Ён даручыў праінфармаваць аб распаўсюджванні гэтага вопыту.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ходам будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы на тэрыторыі нацыянальнага аэрапорта Мінск, які ён мае намер наведаць у красавіку. І папрасіў расказаць пра тое, як ідзе будаўніцтва на месцы старога аэрапорта ў сталіцы.

Як паведамлялася, міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак увечары 10 сакавіка ў эфіры нядзельнай праграмы „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1” заявіў, што гарады-спадарожнікі сёння ў асноўным развіваюцца вакол Менска, Берасця і Гародні, аднак пакуль патэнцыйным перасяленцам акрамя жылля прапанаваць няма чаго. „Трэба мэтанакіравана гэтай працай займацца, — сказаў ён. — Цяпер трэба проста перафарматаваць усе планы, плюс зрабіць акцэнт не на шматпавярховую забудову. Гэта маё глыбокае перакананне — у гарады-спадарожнікі шматпавярховай забудовай мы людзей не прывабім”.

Нагадаем, гарадамі-спадарожнікамі Менска вызначаныя: прамысловыя горада Дзяржынск, Жодзіна і Фаніпаль; аграпрамысловыя — Смалявічы, Стоўбцы, Узда, Рудзенск; турысцка-рэкрэацыйныя — Заслаўе і Лагойск. Гарадамі-спадарожнікамі з’яўляюцца Скідаль у Гарадзенскай вобласці і Жабінка — у Берасцейскай.

belapan.by