У Менску быў затрыманы Алесь Макаеў
У Менску міліцыя амаль на гадзіну затрымала прадпрымальніка і грамадскага актывіста Алеся Макаева. Гэта адбылося падчас сходу прадпрымальнікаў і гандляроў на рынку ў Ждановічах. Яны абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася з 1-га сакавіка. З гэтага дня дробныя гандляры, згодна з укакзам прэзідэнта №222, не маюць права працаваць без сертыфікатаў і накладных. Па словах Алеся Макаева, пасля сходу начальнік міліцыі Цэнтральнага раёна Менска Артур Шахлай прапанаваў яму прайсці ў аддзяленне міліцыі для дачы тлумачэнняў:
– Узялі тлумачэнні, я падпісаў. На гэтай жа паперы фармата А4 я папярэджаны, што забавязаны прыйсці ў суд, а ў выпадку майго нез’яўлення там – нясу адміністрацыйную адказнасць.
На пытанне Алеся Макаева, будзе суд ці не, начальнік міліцыі Цэнтральнага раёна Менска адказаў, што гэта вырашае не ён.
„А пакуль што я, дзякуй богу, на волі,” – сказаў Алесь Макаеў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота radyjo.net